Круглы стол “Выбар будучай прафесіі” прайшоў у рамках Тыдня прафарыентацыі ў Канюхоўскім яслях-садзе-сярэдняй школе 22 красавіка.
На мерапрыемства, якое было арганізавана для старшакласнікаў, былі запрошаны прадстаўнікі розных прафесій, якія пазнаёмілі маладых людзей са спецыфікай сваёй працы.
Адкрыла сустрэчу намеснік дырэктара Наталля Шмароўская, яна прадставіла гасцей круглага стала і яшчэ раз падкрэсліла важнасць правільнага выбару будучага прафесійнага шляху.
Начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Васільева акцэнтавала ўвагу школьнікаў на асноўных момантах правільнага выбару будучай прафесіі, параіла, як навучыцца сумяшчаць такія ўмовы паспяховага выбару, як “хачу”, “магу” і “трэба”. Ірына Алегаўна расказала таксама аб катэгорыях спецыялістаў, якія патрэбны ў нашым раёне на сённяшні дзень.
Фельдшар мясцовага ФАПа Алена Кеда спынілася на спецыфіцы працы медыцынскіх работнікаў, больш падрабязна ахарактарызавала абавязкі фельдшара, які працуе ў невялікай вёсцы.
Малады спецыяліст СВК “Макараўцы” Святлана Жвалеўская, якая другі год працуе бухгалтарам, расказала аб асаблівасцях сваёй прафесіі, а таксама аб той падтрымцы, якая аказваецца маладым спецыялістам у гаспадарцы.
Аб тым, якімі якасцямі павінен валодаць добры прадавец, расказала Аксана Мотыль, прадавец мясцовага кафэ “Алеся”.
Прадстаўнік сферы адукацыі, настаўнік гісторыі Канюхоўскага ясляў-сада-СШ Роберт Шалкевіч успомніў гады вучобы ва ўніверсітэце, падзяліўся ўражаннямі ад практыкі, якая чакала студэнтаў гістарычнага факультэта.
Ну і мне таксама давялося выступіць перад школьнікамі, каб пазнаёміць іх з прафесіяй журналіста, расказаць аб тым, як ствараецца наша раённая газета.
Навучэнцы прымалі актыўны ўдзел у размове, для кожнага выступаючага ў іх знаходзіліся пытанні, якія сталі пацвярджэннем таму, што школьнікі зацікаўлены ў тым, каб даведацца як мага больш аб розных прафесіях і не памыліцца ў сваім выбары.
У канцы сустрэчы яны атрымалі памяткі аб тым, як правільна арыентавацца ў свеце прафесій.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара