Праблема выбару прафесіі актуальная ва ўсе часы, таму што працоўная дзейнасць адыгрывае важную ролю ў жыцці кожнага чалавека і аказвае вялікі ўплыў на яго стан і самаадчуванне. Таму адным з цэнтральных і лёсавызначальных момантаў для кожнага маладога чалавека з’яўляецца час пошуку, выбару і авалодання прафесіяй. Навучэнцам Алекшыцкай школы некаторыя крокі ў выбары прафесіі падказаў тыдзень прафарыентацыі “Человек трудом велик”, які прайшоў з 14 па 19 студзеня пад кіраўніцтвам настаўніцы працоўнага навучання Г.Ч. Альшэўскай. На працягу тыдня працавала кніжная выстава “У свеце прафесій”, малодшыя школьнікі прымалі ўдзел у конкурсе дзіцячага малюнка “Фестываль бацькоўскіх прафесій”. Вучні 7-8 класаў адправіліся ў завочнае падарожжа па ўстановах адукацыі Гродзенскай воблаці. А перад навучэнцамі 9-11 класаў 17 студзеня выступілі прадстаўнікі факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, якія заахвоцілі тых, хто цікавіцца мінулым і сучаснасцю, навукова-даследчай, арганізацыйнай ці грамадскай дзейнасцю, паступаць на іх факультэт. Старшакласнікі даведаліся аб спецыяльнасці “сацыялогія”, аб тым, хто такі сацыёлаг, дзе можна ўладкавацца працаваць з такой спецыяльнасцю. Завяршыўся тыдзень прафарыентацыі гадзінай інтэрактыўнай дыскусіі “Шляхі, якія мы выбіраем” для навучэнцаў 8-11 класаў.
Галіна Паплаўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алекшыцкай СШ