Фарміраванне чалавека, які валодае грамадска-прававой культурай – адна з галоўных задач школы.
У Алекшыцкай СШ фарміраванню юрыдычна падрыхтаванай асобы навучэнца надаецца вялікае значэнне. Мэтанакіраваная работа ў гэтым напрамку праводзіцца ўсімі педагогамі школы. Неаднаразова на працягу навучальнага года арганізуюцца тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны, лекторыі і пазакласныя мерапрыемствы, на якія запрашаюцца прадстаўнікі РАУС і інспекцыі па справах непаўналетніх.
У канцы лістапада ў школе прайшоў тэматычны тыдзень “Тэрыторыя без прававых праблем”. У бібліятэцы была адкрыта выстава літаратуры прававой накіраванасці. Кожны вучань пры падрыхтоўцы да мерапрыемстваў ці проста з-за цікавасці мог выкарыстаць прапанаваную літаратуру. Для малодшых школьнікаў былі вывешаны лістоўкі з малюнкамі правоў і абавязкаў вучняў. На класных гадзінах настаўнікі больш падрабязна тлумачылі дзецям значэнне тых ці іншых малюнкаў і прыводзілі прыклады з жыцця.
На працягу тыдня кожны дзень у школе праводзіліся розныя мерапрыемствы. Перавага аддавалася актыўным формам работы: інтэрактыўная агульнашкольная гульня “Прававы слоўнікавы лабірынт”, ток-шоу “Што робіцца са светам?”, гадзіна пытанняў і адказаў “Прававое скрыжаванне”, круглы стол “Талерантнасць: мір у душы, розуме і сэрцы”. Завяршыўся тыдзень суботняй сустрэчай у інфакіёску “Маю гонар і права ведаць”.
Галоўнай мэтай мерапрыемстваў было развіццё асобы вучняў і павышэнне ўзроўню іх прававой культуры. Неабходна адзначыць, што дзякуючы мэтанакіраванай працы педагогаў школы, навучэнцы не адчуваюць сябе разгубленымі ў свеце прававой культуры і ведаюць не толькі свае правы, але і абавязкі.
Ганна Данільчык, педагог-псіхолаг Алекшыцкай СШ