Тыдзень міласэрнасці ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца

Лента новостей

Тыдзень міласэрнасці, прысвечаны Міжнароднаму дню інвалідаў, прайшоў у цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца. На працягу ўсяго тыдня вучні класа ЦКРНіР былі ўдзельнікамі розных сустрэч і цікавых мерапрыемстваў,  якія садзейнічалі не толькі сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей-інвалідаў у грамадства, але і развіццю здольнасцей дзяцей.

Цёплы ўспамін у дзіцячых сэрцах пакінулі работнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН, якія наведалі ЦКРНіР з акцыяй «Замест тысячы слоў». Яны падарылі дзецям часцінку сваёй увагі і клопату, размалявалі іх дзень пазітыўнымі эмоцыямі ад шчырых зносін, забаўляльных гульняў і прыемных сюрпрызаў.

Дзеці прынялі ўдзел у музычна-забаўляльнай праграме «Надзея нам дорыць сілу», ініцыятарам і арганізатарам якой з’яўляецца Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Мерапрыемства праходзіла ў рамках дзейнасці аматарскага аб’яднання «Натхненне» для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Бераставіцкага раёна, а таксама і для дзяцей ЦКРНіР. Сустрэча была напоўнена цікавымі віктарынамі, займальнымі гульнямі, музычнымі нумарамі.

У гасцях у вучняў класа ЦКРНіР пабывала Бераставіцкая райённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» з акцыяй «Шчасцем жыццё поўнае» і ўручыла салодкія падарункі.

 

Падчас конкурсна-гульнёвай праграмы «Усё на свеце цікава», якая адбылася ў ЦКРНіР, хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у конкурсах «Адкажы на пытанне па казцы», «Хто гаспадар», «Казачныя прыгажуні», «Хітрыя пытанні». Вельмі спадабалася дзецям музычная віктарына, у якой яны не толькі адгадвалі песні, але і змаглі патанцаваць і паспяваць. Свята садзейнічала развіццю эмацыянальнай сферы дзяцей-інвалідаў, выхаванню ў дзецях пачуцця суперажывання, міласэрнасці і талерантнасці.

Таксама ў першыя каляндарныя дні зімы вучні класа на занятках сумесна з выхавальнікам Т. Г.Дудзінскай займаліся падрыхтоўкай экспазіцый для выставы «Зіма вачыма дзяцей», на якой дзеці прадставілі любімую пару года. Мерапрыемства было накіравана на стварэнне камфортнай, добразычлівай абстаноўкі, садзейнічала развіццю творчых здольнасцей дзяцей-інвалідаў.

А Бераставіцкая раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК (старшыня У.А.Апон) аказала спонсарскую дапамогу на набыццё абсталявання для навучання дзяцей-інвалідаў класа ЦКРНіР.

Вельмі прыемна, што ёсць такія людзі з добрымі сэрцамі, якія клапоцяцца аб дзецях-інвалідах, дапамагаюць ім, праяўляюць міласэрнасць і гуманнасць, а галоўнае – шчодра дораць хворым дзецям увагу, радасць, надзею, дабрыню і душэўную цеплыню.

Аксана КУДЛАШ, педагог сацыяльны ЦКРНіР г.п.Вялікая Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *