Тыдзень маці прайшоў у Бераставіцкім раёне

Лента новостей

Святкавалі ўдзельніцы міні-праекта

Адным са святочных мерапрыемстваў, якія прайшлі ў рамках Тыдня маці, стала пасяджэнне міні-праекта “Свет захапленняў”. Праходзіла яно за святочным “салодкім сталом”. Кіраўнік праекта, старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова павіншавала жанчын з надыходзячым святам, пажадала моцнага здароўя ім і іх сем’ям, а ад раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа ўручыла віншавальныя паштоўкі.
Пасяджэнне хутчэй нагадвала душэўную сустрэчу, падчас якой жанчыны віншавалі адна адну не толькі шчырымі словамі, добрымі пажаданнямі, але і вершамі, песнямі. Зінаіда Мікалаеўна Зямцова, Ала Іванаўна Лагада, Евангеліна Пятроўна Далініна чыталі вершы, у тым ліку і свае ўласныя. Вельмі душэўна выканалі песню пра маці Ала Іванаўна разам з Соф’яй Іванаўнай Конік. Спявалі і іншыя жанчыны – сола, дуэтам, вакальнай групай, бо многія з’яўляюцца ўдзельніцамі народнага хора ветэранаў “Памяць сэрца”.
Жанчыны дзяліліся ўспамінамі дзяцінства і юнацтва, расказвалі пра сваіх матуль. Многія самі ўжо бабулі, а Марыя Міхайлаўна Сідаркевіч, да прыкладу, нават прабабуля. Але, нягледзячы на пенсійны ўзрост, усе актыўныя, бадзёрыя, з ахвотай удзельнічаюць у міні-праекце. Прыкладам гэтага стала і вось такая цёплая сустрэча за кубкам гарбаты напярэдадні Дня маці.
Марыя Драпеза

“Мама, мамачка!”

–пад такой назвай у пятніцу на сцэне РДК адбыўся раённы тэматычны канцэрт, прымеркаваны да Дня маці. Свята гэтае – яшчэ адна цудоўная нагода ўспомніць нашых самых дарагіх і любых матуль, выказаць ім словы ўдзячнасці і любові. А таму ў канцэртнай зале сабраліся матулі розных узростаў, бабулі, а таксама дзяўчаты, у якіх мацярынскае шчасце яшчэ наперадзе.

Ад імя раённай улады, жанчын-матуль павіншаваў старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што “…гэтае свята з’яўляецца данінай глыбокай павагі і пакланення жанчынам — працаўніцам і захавальніцам сямейнага ачага. У Дзень маці належыць яшчэ мацней адчуць святасць і вялікасць важнейшай місіі жанчыны, звязанай з нараджэннем і выхаваннем дзяцей, асэнсаваць яе вялізную ролю ў захаванні і ўмацаванні духоўных каштоўнасцей, маральных ідэалаў у грамадстве”.
Як нельга лепш, словы старшыні пацвердзіла цудоўнае і ўзнёслае выкананне знакамітага твора “Ave Maria” жаночай вакальнай групай “Канцона” Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў. На працягу канцэрта з вуснаў вядучых праграмы (аўтара сцэнарыя і рэжысёра Ангеліны Гулінай і харэографа РДК Канстанціна Ярашука) гучала шмат цёплых, кранаючых да слёз слоў, адрасаваных матулям. А найбольшае замілаванне ў жанчын выклікала выступленне самых маленькіх артыстаў–выхаванцаў Вялікабераставіцкага ясляў-сада. З усёй сваёй дзіцячай непасрэднасцю і шчырасцю яны прысвячалі матулям вершы і песні.
Святочная праграма ўключала таксама тэматычныя музычныя нумары ў выкананні работнікаў устаноў культуры раёна Уладзіміра Макара, Андрэя Аруткіна, Юліі Раманенкавай, Алега Зайцава, Алены Бутрыла, Веранікі Хлістоўскай, Рыты Каспшак, Сяргея Касьяна, Міраслава Вансовіча і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Генадзя Вербеля, Аляксандра Пашко, Віялеты Шуміла, Крысціны Цыбуль, Ульяны Бутрыла і вакальнага гуртка “Салавейкі”.
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *