Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі ідзе на Бераставіччыне

Культура Лента новостей

З надыходам вясновых канікул стартуе Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі – штогадовае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае як дзяцей, так і дарослых – дапытлівых школьнікаў, работнікаў бібліятэк, педагогаў, выдаўцоў, пісьменнікаў.


Па шматгадовай традыцыі ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы адкрыццё Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі праходзіла ў выглядзе вялікага свята на сцэне, але эпідэмія каронавіруснай інфекцыі ўнесла свае карэктывы – масавае мерапрыемства вырашана было не праводзіць. Тым не менш, шэраг цікавых сустрэч, выстаў, акцый пройдзе як у сельскіх філіялах Бераставіцкай раённай бібліятэкі, так і ў дзіцячай бібліятэцы райцэнтра.


– Сёлета, адкрываючы Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі, мы запрасілі хлопчыкаў і дзяўчынак 1 “А” класа Вялікабераставіцкай сярэдняй школы на экскурсію-знаёмства “Бібліятэка – востраў кніжных скарбаў”, – расказвае бібліятэкар філіяла “Дзіцячая бібліятэка” Данута Лагада. – Пачаткоўцы даведаліся, што ў бібліятэцы ёсць “Чытальная зала” і “Абанемент”, што азначаюць словы “фармуляр” і “кніжны фонд”, адкуль узнікла слова “бібліятэка”. Падчас экскурсіі юныя чытачы пазнаёміліся таксама з правіламі карыстання кнігамі, з прыгожымі яркімі выданнямі знакамітых дзіцячых пісьменнікаў Агніі Барто, Сяргея Міхалкова, Самуіла Маршака і іншых, прадстаўленых на кніжнай экспазіцыі. А ў чытальнай зале паглядзелі дзіцячыя перыядычныя выданні і кніжкі-забаўкі.
Напрыканцы сустрэчы госці дзіцячай бібліятэкі атрымалі памяткі ў рамках акцыі “Беражыце кнігу”.

Падчас Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі наведвальнікаў дзіцячай бібліятэкі чакаюць літаратурны круіз “Усё самае цікавае ў кнігах”, гадзіна загадак і адгадак “Там на старонках, дзе жывуць героі”, экспрэс-агляд навінак беларускага друку “Добрая кніга – верны сябар”.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *