Тыдзень беларускай мовы ў Вялікаэйсмантаўскай СШ

Лента новостей

2Сёння мы ўсе часцей назіраем, як моладзь адрываецца ад духоўнай спадчыны, ад народных традыцый і звычаяў, не хоча вывучаць і ведаць мову свайго народа. З задавальненнем хлопцы і дзяўчаты святкуюць іншаземныя святы, смакуюць экзатычныя стравы, спяваюць песні на розных мовах, акрамя беларускай. Вы скажаце: “Час такі!” Не, не час, а мы такія. Успомніце Маленькага Прынца Экзюперы, які спытаў у кветкі: “Дзе ж людзі?” І атрымаў адказ: “Іх носіць ветрам. У іх няма каранёў”… Няўжо гэта напаткае і нас? Няўжо і мы станем тымі, хто бадзяецца па свеце і не ведае чаго хоча, не адчувае цяпла і прыцяжэння роднага дома.
Каб не быць без каранёў, не быць без сваёй спадчыны, кожны год у Вялікаэйсмантаўскай СШ у лютым праводзіцца Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У гэтым годзе Тыдзень праходзіў пад дэвізам “Гавары са мной па-беларуску”. Кожны дзень быў напоўнены змястоўнымі і цікавымі мерапрыемствамі. На працягу ўсяго тыдня на перапынках гучала музыка і песні беларускіх аўтараў. Усе было ўрачыста і ўзнесла. Вучні 11 класа, апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы, падрыхтавалі і правялі ўрачыстую лінейку, прысвечаную адкрыццю тыдня.
1На працягу Тыдня мы неаднаразова пераконваліся, што нашы дзеці любяць і разумеюць беларускае слова, умеюць размаўляць па-беларуску, нават самі пішуць вершы на беларускай мове.
За тыдзень да правядзення мерапрыемстваў быў створаны аргкамітэт, у які ўвайшлі настаўнікі беларускай мовы і вучні старэйшых класаў. Доўга раіліся і вырашалі, якія мерапрыемствы патрэбна правесці. Кожны дзень дасканала прадумваўся, бо любая праца патрабуе грунтоўнай падрыхтоўкі.
У межах правядзення Тыдня прайшлі такія мерапрыемствы, як “Конкурс перакладчыкаў”, “Міс – Беларусачка”, “Запрашаем у кавярню”, конкурс плакатаў “Без спадзявання немагчыма жыць”, конкурс творчых прац “Дзіўная зорка таленту” і інш. У конкурсах і мерапрыемствах удзельнічалі вучні ўсіх класаў. Напрыклад, беларускае нацыянальнае адзенне прадстаўлялі вучаніцы 2 – 10 класаў. Яны не толькі паказалі нацыянальныя касцюмы, але і расказалі, што абазначаюць колеры і арнаменты вышыўкі. Дзяўчынкі прыгожа хадзілі па імправізаваным подыуме, чыталі вершы, спявалі песні і нават танцавалі знакамітую “Лявоніху”. Запомнілася вучням і настаўнікам насценная газета вучняў 9 класа. Яна была яркай, прыгожай, а самае галоўнае – вельмі змястоўнай. Там мы сустрэліся і з паданнем пра засваенне горада Мінска, і з сучаснымі дасягненнямі роднай вёскі – Вялікіх Эйсмантаў. Але самую большую цікавасць выклікаў конкурс “Запрашаем у кавярню”. Вучні разам з бацькамі падрыхтавалі і прадставілі больш 80 беларускіх страў. На мерапрыемстве можна было убачыць стравы, якія гатавалі у розны час на розныя святы, паўсядзённыя стравы беларусаў. Кожны з прысутных мог запасціся новым рэцэптам і нават паспрабаваць кожную цікавую страву.
Сапраўды, цяжка даводзілася журы конкурсаў. Але галоўнае не тое, хто перамог, каму дасталося больш узнагарод. Галоўнае, што кожны з нашых вучняў дакрануўся да роднага слова, да нацыянальнай традыцыі, да святой спадчыны.
Скарбы мовы, скарбы пазнання, скарбы навакольнага свету расчыняюцца тым, хто шчыра любіць і глыбока вывучае родную мову, літаратуру, культуру. Тыдзень беларускай мовы і культуры прайшоў цікава і займальна. Мерапрыемствы былі прасякнуты клопатам аб тым, каб выхаваць у вучняў беражлівыя адносіны да мастацкага слова, да роднай мовы, гісторыі і культуры беларускага народа.
Марына Станеўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вялікаэйсмантаўскай СШ

 

 



1 комментарий по теме “Тыдзень беларускай мовы ў Вялікаэйсмантаўскай СШ

  1. Так сразу и захотелось посетить «кавярню»!!! МОЛОДЦЫ педагоги, родители и дети!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *