Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Пархімаўскай базавай школе

Лента новостей

Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная, наша мова! На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і трапнае слова. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. Але зараз беларуская мова пакрыху забываецца, “губляюцца” яе адметныя словы, усё радзей чуеш яе на вуліцах.
Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
Яўгенія Янішчыц
Гэтыя словы беларускай паэтэсы падштурхнулі мяне да думкі, што вучэбных гадзін школьнай праграмы недастаткова для таго, каб выхаваць у дзяцей павагу, любоў да роднай мовы, жаданне гаварыць па-беларуску. Узнікла неабходнасць прысвяціць роднай мове цэлы школьны тыдзень.
Падрыхтоўка да правядзення Тыдня роднай мовы пачалася загадзя. Вучні старэйшых класаў прапаноўвалі розныя заданні для малодшых школьнікаў. Настаўнікі падбіралі заданні для старшакласнікаў. Кожны дзень Тыдня быў прадуманы да дробязей. Неабходна было, каб мерапрыемствы, з аднаго боку, не заміналі напружанаму навучальнаму працэсу, а з другога – былі змястоўнымі, карыснымі і даступнымі для кожнага ўдзельніка.
У першы дзень Тыдня на агульнашкольнай лінейцы вучні даведаліся аб мерапрыемствах, якія будуць праходзіць на працягу тыдня кожны дзень. Гэты дзень называўся “Гавары са мной па-беларуску”. На перапынках вучні ўдзельнічалі ў акцыі “Нашыя любімыя словы”, падчас якой разам з настаўнікамі на “пялёстках” рамонка пісалі самыя мілагучныя і любімыя беларускія словы, з якіх потым атрымалася маляўнічая кветка.
Самым цікавым для дзяцей аказаўся дзень, які называўся “Скарбонка роднай мовы”. Вельмі спадабаліся вучням пачатковых класаў рухомыя перапынкі, пад час якіх яны развучвалі беларускія народныя танцы і гульні. Для вучняў 8-9 класаў у гэты дзень была арганізавана віктарына “Знаўцы роднай мовы”. Гульня праходзіла ў вострай і напружанай барацьбе. Пытанні былі дастаткова складаныя, але каманды працавалі дружна і рашуча.
Апошнія два дні вялася актыўная падрыхтоўка да фінальнага суботняга мерапрыемства – літаратурнай гасцёўні “Мова родная — пявучая, звонкая”. Намаганнямі вучняў быў падрыхтаваны цікавы сцэнарый, у які ўвайшлі народныя песні, традыцыйныя беларускія гульні, а таксама сцэнкі з вясковага жыцця. Настаўнікі прыгатавалі традыцыйныя беларускія стравы.
Тыдзень прайшоў на высокай эмацыянальнай ноце. Як і літаратурная гасцёўня, так і іншыя мерапрыемствы Тыдня беларускай мовы і літаратуры, без сумнення, выклікалі высокі душэўны пад’ём і задавальненне ад далучэння да беларускай культуры праз іскрыстую творчасць дзяцей і настаўнікаў.
Святлана Турак, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Пархімаўскай базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *