Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе

Лента новостей

sm_full-aspxЗ 5 па 9 снежня ў школе праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Дэвізам тыдня сталі словы Алеся Ставера:

Шануйце дзіва на планеце—

Святую нашу Беларусь.
I мову Коласа, Купалы
Вы беражыце з роду ў род.
Каб наша доля не канала,
Каб не загінуў наш народ.

5 снежня пасля адкрыцця-анонса тыдня на ўроках беларускай мовы ва ўсіх класах праводзіліся тэматычныя хвілінкі “Падарожжа ў гісторыю роднай мовы”, дзе вучні знаёміліся з гісторыяй узнікнення, адраджэння, развіцця беларускай мовы.

У аўторак у актавай зале сабраліся вучні 6-11 класаў, для якіх настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Мазавецкім Э.Б. быў праведзены “Урок Максіма Багдановіча”, на якім успаміналіся асноўныя даты з жыцця і творчасці паэта, вучні чыталі вершы паэта і творы, прысвечаныя вялікаму песняру. Усе з задавальненнем паглядзелі відэафільм “Па старонках з сямейнага альбома Максіма Багдановіча”.

На наступны дзень вучняў 1-2 класаў чакала літаратурна-музычная кампазіцыя” Пуцявінамі роднай мовы”. Малодшыя школьнікі не толькі адгадвалі загадкі і рэбусы, але і інсцэніравалі казкі, рашалі займальныя крыжаванкі, знаходзілі адрозненні ў вымаўленні скорагаворак на рускай і беларускай мовах, чыталі прыказкі і прымаўкі.Праводзіла мерапрыемства настаўнік пачатковых класаў Саўко У.Р.

7 снежня дзень прайшоў пад дэвізам “ Прыгажосць роднай зямлі ў фарбах”. Да яго вучні пачатковых класаў падрыхтавалі выставу малюнкаў «Вобразы мілыя роднага краю», у школьнай бібліятэцы была арганізавана выстава “Беларускія краявіды”, а ў школьным музеі — «Беларускія матывы», дзе можна было пабачыць тканыя вырабы, прыгожыя рэчы з дрэва і гліны.

8 снежня вучні 3-4 класаў адправіліся ў віртуальнае падарожжа па старонках вуснага часопіса “Займальнае літаразнаўства”.Самыя кемлівыя і знаходлівыя прымалі актыўны ўдзел у конкурсах і віктарынах. Настаўнік Курстак М.С. паклапацілася аб тым, каб на мерапрыемстве не засталося пасіўных і абыякавых удзельнікаў.

А завяршыўся тыдзень экскурсіяй у бібліятэку “З любоўю да кніжкі і роднага слова”, якое арганізавала і правяла бібліятэкар Манцэвіч Г.Т., якая пазнаёміла з навінкамі літаратуры на роднай мове для дзяцей розных узростаў.

Спадзяемся, што тыдзень не прайшоў бясследна для нашых вучняў. Цікавыя мерапрыемствы садзейнічалі патрыятычнаму выхаванню юных грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Cвятлана Мазавецкая, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *