Адзін запіс у працоўнай кніжцы і трыццаць два гады стажу ў нашага земляка, жыхара Бераставіцы, майстра вытворчага навучання Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя Станіслава Марцішэвіча (на здымку). Калі адлік пайшоў ужо на чацвёрты дзесятак — многа гэта ці мала? Здараецца, што агульны стаж работы ў якога — небудзь чалавека нават большы, чым і паўстагоддзя. Аднак Станіслаў Тадэвушавіч застаўся верным сваёй прафесіі, якую ў маладосці выбраў адзін раз і назаўсёды, і гэта таксама дастойна шчырай павагі, што адзначаецца не толькі калектывам ліцэя, але і на раённым узроўні. Мне было прыемна ўбачыць яго ў Доме культуры на традыцыйным штогадовым восеньскім ушанаванні працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Ён з тых людзей, чые рукі таксама пахнуць хлебам, і хаця не вырошчвае сам збожжа, але вучыць моладзь адной з самых мірных, патрэбных і нялёгкіх прафесій на зямлі – прафесіі механізатара.
А першы свой дзень на працы ў тагачасным вучылішчы запомніўся Станіславу Марцішэвічу назаўсёды. Панаваў тады спякотны жнівень, і ў навучэнцаў былі летнія канікулы. Пазнаёміўся ён з іншымі прыкладна такога ж узросту майстрамі вытворчага навучання, а таксама больш вопытнымі старэйшымі калегамі, і, як кажуць, зразумеў, што “гэта – маё”. Вельмі важна, калі побач дружная каманда прафесіяналаў і можна разлічваць на ўзаемадапамогу і падтрымку. Добрыя адносіны паміж людзьмі ствараюць прыемны настрой і складаюць той спрыяльны мікраклімат у калектыве, дзякуючы якому іншага месца для сябе малады майстар ужо і не ўяўляў.
Ці былі цяжкасці, няўдачы ў рабоце? Безумоўна, адказвае чалавек. Яны пачаліся з верасня, з пачаткам навучальнага года. Ён быў ненамнога старэйшы за сваіх вучняў, але авалодаўшы прафесіяй, імкнуўся іх навучыць усяму, што ведаў сам. Прыходзілі ў вучылішча і “цяжкія падлеткі”, якія не жадалі працаваць над сабой, ужо мелі шкодныя звычкі. Памятае Станіслаў Тадэвушавіч, як паехаў ён у Зэльвенскі раён наведаць сваякоў аднаго хлопца, “сацыяльнага сіраты”, бацькі якога з-за гарэлкі зусім забыліся пра роднага сына. Хацеў пагутарыць хаця б з яго старэйшым братам, каб той дапамог юнаку ўзяцца за розум, і ён змог стаць трактарыстам, камбайнерам і самастойна зарабляць сабе на хлеб. На жаль, усе намаганні не далі тады выніку, са шкадаваннем успамінае майстар. Гэта і быў, як кажуць, яго “першы блін камяком”, хаця ў далейшым такія сустрэчы давалі плён. Падтрымлівае сувязь з бацькамі і роднымі навучэнцаў ён і зараз, таму што гэта адзін з самых дзейсных метадаў выхавання маладога пакалення. Зараз і ездзіць амаль не трэба – у людзей ёсць мабільныя тэлефоны, што вельмі зручна і дапамагае ў рабоце. Калі дарослыя разам гавораць адно і тое ж, падлеткі прыслухоўваюцца.
— А прыемныя моманты, станоўчыя эмоцыі? Раскажыце пра іх, калі ласка, — прашу Станіслава Тадэвушавіча.
— Для хлопца сесці ў кабіну трактара і кіраваць ім значыць вельмі шмат, — расказвае ён. – Тут прымушаць не трэба, гэта цікава! У пачатку маёй работы ў нас быў прымітыўны МТЗ — 50, зараз энерганасычаны МТЗ 82/1, гэта ўжо чацвёрты на маёй памяці. У многіх вясковых юнакоў дынастыі. Бывае, і дзед, і бацька механізатары, таму з тэхнікай яны ўжо добра знаёмыя. У вучэбнай гаспадарцы ў нас ёсць пляцоўка, дзе вучым іх. Раней было 5 гадзін ваджэння, зараз павялічылі, па новай праграме стала 16. Гэта вельмі добра. Хлопцы радуюцца, стараюцца. Правілы дарожнага руху навучэнцы павінны добра ведаць. Растлумачваю ім, паказваю. Калі навучацца ездзіць, на полі вучу іх ворыву глебы, культывацыі. Ёсць вельмі здольныя вучні, і ў іх так атрымліваецца, што вока радуецца паглядзець на іх работу.
— Адчуваеце тады маральнае задавальненне? – пытаюся.
— Так.
Суразмоўца ўсміхаецца, і я разумею яго. Гэта вялікая справа – крок за крокам вучыць рабочай прафесіі. Такое пачуццё і трымае яго ў ліцэі, хаця зарплату там нельга назваць вялікай. Мне ўспамінаецца выраз: не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. І я адчуваю – гэта пра яго і такіх, як ён, кажуць: “на такіх людзях свет трымаецца…” Работа яго не вельмі бачная, але важная.
І не толькі пра тое, каб вучні авалодалі сваёй спецыяльнасцю, дбае Станіслаў Марцішэвіч. Ён хоча, каб яны выраслі дастойнымі людзьмі. Зараз некаторыя вучні маюць ноўтбукі, але як прыкра бывае майстру бачыць, што там прымітыўныя гульні або карты. Пры такіх дабротах цывілізацыі ім стаўку трэба было б рабіць на развіццё асобы… Наколькі больш карысці прынесла б добрая кніга!
— Таму так шмат значыць для выхавання дзяцей сям’я, — адзначае гэты работнік ліцэя. – Не сакрэт, што да нас прыходзяць са школ вучні, якія, здараецца, і табліцы множання дакладна не ведаюць, не кажучы ўжо пра тое, каб любілі кнігу. Робім, што можам, але асноўнае выхаванне ўсё роўна дае сям’я. Калі бачыш, што бацькі імкнуліся навучыць сваё дзіця добраму, наш агульны вынік будзе лепшым. Хто прыйшоў да нас з сур’ёзным намерам, імкнецца авалодаць прафесійнымі навыкамі, каб потым зарабляць добрыя грошы, не прападзе ў жыцці.
— Станіслаў Тадэвушавіч, а колькі Вы за столькі гадоў падрыхтавалі трактарыстаў,колькім навучэнцам далі пуцёўку ў самастойнае жыццё?
— Адзінаццаць груп было выпушчана з рознымі тэрмінамі навучання. А выпускнікоў каля трохсот. Зараз у маёй групе 25 чалавек.
— Назавіце, калі ласка, лепшых.
— Пётр Патурынскі, Дзмітрый Жукоўскі, Дзяніс Болбат, Ягор Ігнатовіч і іншыя. Пеця наогул малайчына, яшчэ і грае на музычных інструментах.
А вось што гавораць пра гэтага майстра вытворчага навучання яго калегі:
— Чалавек ён сціплы, немнагаслоўны. Вельмі адказны. З увагай падыходзіць да кожнага вучня.
У ліцэі створаны добрыя ўмовы для навучэнцаў. Цудоўная бібліятэка, спартыўная зала, добраўпарадкаваны інтэрнат, сучасны вучэбны корпус, майстэрня… І працуюць тут такія майстры вытворчага навучання, як наш сённяшні герой публікацыі. Наперадзе новы навучальны год. Перад школьнікамі паўстане адвечны выбар – сто дарог, адна твая. Хто хоча цвёрда стаяць на зямлі, сеяць хлеб або ўбіраць яго, працаваць у гаспадарцы або быць фермерам, мець добры заробак, прыходзьце ў ліцэй! Не пашкадуеце!
Ніна Наддэ,
фота аўтара