Трагічная дата ў гісторыі Бераставіччыны

Из истории земли Берестовицкой Культура

1 24 5 6 7 8У жнівеньскія дні па ўсёй Еўропе адзначалася трагічная дата ў гісторыі – пачатак Першай сусветнай вайны. У Берліне, Амстардаме, Парыжы, у Лондане і ў іншых сталіцах адкрываліся новыя помнікі, хаця там іх многа было і раней. У храмах служылі паніхіды па загінуўшых… У Маскве ў першыя дні жніўня, з удзелам расійскага Прэзідэнта, нарэшце адкрыты мемарыял, прысвечаны салдатам той далекай вайны. Праходзілі жалобна – ўрачыстыя мерапрыемствы і ў Беларусі.
Першая сусветная, якая пачалася 1 жніўня 1914 года, прынесла новыя вялікія беды на шматпакутную беларускую зямлю. Дарэчы, лінія фронта паўтара гады праходзіла на тэрыторыі Беларусі, але да Расіі не дайшла.
20 жніўня 1914 года Гродзенская губерня была аб’яўлена на ваенным становішчы. На Бераставіччыне, як і ва ўсёй губерні, пачалася мабілізацыя ў расійскую армію. Дзясяткі, сотні ўчарашніх бераставічан, апранутых у салдацкія шынялі, мужна змагаліся на фронце, праяўляючы сапраўдны гераізм. Сярод іх Іван Пракопавіч Мароз і яго браты – Аляксандр, Мікалай і Сцяпан (апошнія 3 браты загінулі), Уладзімір Андрэевіч Арцюхевіч і яго сыны Аляксей і Аляксандр (сыны загінулі) – усе з Малой Бераставіцы, Макарый Сцяпанавіч Хабец і ўнтэр-афіцэр, разведчык і фатограф Раман Якаўлевіч Салавей з вёскі Падбагонікі, Раман Восіпавіч Цівунчык з вёскі Масаляны, Міхаіл Мікалаевіч Карнатоўскі і яго родная сястра, медыцынская сястра міласэрнасці Алена Мікалаеўна з Галынкаўскай воласці, Андрэй Сцяпанавіч Леваненя з вёскі Кашанцы, Кірыл Сямёнавіч Кунец з вёскі Вараны і іншыя. Многія з нашых землякоў былі ўзнагароджаны вышэйшай адзнакай салдацкай доблесці – Георгіеўскім крыжам. (І.П. Мароз, У.А. Арцюхевіч, Р.Я. Салавей, А.С. Леваненя).
Многія сем’і атрымалі пахаронкі: Астравуха з вёскі Масаляны, Майсака з вёскі Карпаўцы, Курылы з вёскі Генюшы, Карпача з вёскі Каменка, Маркоўскага з вёскі Макараўцы, Кулікоўскага з вёскі Кулікі і многія іншыя.
На расійска-нямецкім фронце загінулі дзясяткі, а можа і сотні нашых землякоў у жорсткіх баях “за веру, царя і Отечество”. Яны змагаліся з ворагам тагачаснай Айчыны і, што б аб тым часе ні гаварылі гісторыкі, палітыкі і ідэолагі, – салдаты, што мужна абаранялі сваю Бацькаўшчыну – для нашчадкаў назаўсёды павінны застацца героямі.
Некаторых з нашых землякоў вайна застала на ваеннай службе. Вось іх прозвішчы:
Тарас Іванавіч Артасюк, нарадзіўся ў 1892 г. у Вялікабераставіцкай воласці. З 1913 г. служыў матросам на караблях Балтыйскага флоту, удзельнічаў у баях пад Маазундам. У 1917 годзе закончыў школу мічманаў.
Канстанцін Паўлавіч Гадун з Мала­бераставіцкай воласці (нарадзіўся ў 1894 г.). У 1910 г. закончыў тэхнічнае вучылішча ў Варшаве. З 1914 г. служыў на Балтыйскім флоце на караблях “Пётр Вялікі”, “Петрапаўлаўск”, на адной з першых расійскіх падводных лодак “С – 26”. У 1917 г. служыў радыётэлеграфістам у Кранштаце. Удзельнічаў у шматлікіх баях, двойчы быў паранены.
Якаў Мацвеевіч Ермалоўскі з Алекшыц (нарадзіўся ў 1890 г.). З 1911 г. служыў афіцэрам на крэйсеры “Громабой” Балтыйскага флоту.
Пракоп Антонавіч Крук з Галынкаўскай воласці (нарадзіўся ў 1892 г.) З 1912 г. служыў сігнальшчыкам на лінкоры “Севастопаль” Балтыйскага флоту.
Іосіф Мянько з вёскі Кудрычы. З 1915г. ваяваў на руска-нямецкім фронце.
Феафіл Міхайлавіч Цівунчык (Фёдар Міхайлавіч Арлоў) з вёскі Цецяроўка. З 1915 г. ваяваў на фронце, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-ай і 3-яй ступеняў. У 1917 г. удзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях у Петраградзе, добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію. Меў званне камдзіва (камандзіра дывізіі, што потым прыраўнівалася да звання генерал-маёра).
Аляксандр Фаміч Яфімік з вёскі Гарбачы (нарадзіўся ў 1936г.). Ваяваў у Бесарабіі ўнтэр-афіцэрам, узнагароджаны медалём “За храбрасць”.
Цікавы лёс Рамана Якаў­левіча Салаўя з Падбагонікаў (нарадзіўся ў 1887 г.). Ён закончыў настаўніцкую семіна­рыю, працаваў настаўнікам пад Беластокам. Мабілізаваны ў рускую армію ў 1914 г. У чыне ўнтэр-афіцэра служыў у палкавой разведцы, быў ваенным фатографам. Яго здымкі ёсць у эксапазіцыях маскоўскіх, мінскіх, гродзенскіх музеяў і ў Бераставіцкім музеі Вавёркі. (А сёння некаторыя з іх публікуюцца ў гэтым матэрыяле).
З Бераставіччынай звязаны лёс удзельніка Першай сусветнай вайны (толькі з боку праціўніка) Міхаіла Сцяпанавіча Хуско. Ён нарадзіўся ў 1895 г. у Венгрыі. Ваяваў у Карпатах у складзе вянгерскай дывізіі. Трапіў у палон да рускай арміі, знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных у Чэлябінску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. разам з іншымі суайчыннікамі падтрымаў бальшавікоў, ваяваў у Чырвонай Арміі. У 1952-1957 гг. жыў у Бераставіцы, працаваў дырэктарам масласырзавода, тут і памёр. Быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Баявога Чырвонага Сцяга і іншымі.
Вайна Расіі з Германіяй, якую мы ведаем пад назвай імперыялістычная, або Першая сусветная, сучаснікамі называлася Вялікай Айчыннай. Сваім вогненным крылом так ці інакш яна закранула, напэўна, кожную бераставіцкую сям’ю. Тыя, хто не папаў у акопы, мабілізаваліся на прымусовыя работы на будаўніцтва ваенных умацаванняў. З 25 мая 1915 г. жыхары вёсак Гарбачы, Дзевяткі, Грыцавічы, Цецяроўка ўдзельнічалі ў ахове чыгункі Бераставіца – Ваўкавыск. У ліпені 1915 г. у Гродзенскім павеце, па дакладной павятовага спраўніка, з 17430 мужчын 13050 працавалі на ваенных аб’ектах. Гэта без уліку тых, хто працаваў на будаўніцтве і добраўпарадкаванні дарог. За ўхіленне ад работ ці пабег з аб’екта пагражала сур’ёзнае пакаранне.
Па загаду ўладаў на Бераставіччыне, як і па ўсёй Гродзеншчыне, пачалася рэквізіцыя жывёлы, збожжа, фуражу для патрэб арміі. І хаця быў загад астаўляць частку збожжа, фуражу насельніцтву, але часта выграбалі ўсё дачыста.
А потым пачалося самае страшнае – высяленне насельніцтва. Хаця яно было быццам бы добраахвотным, але на самай справе абавязкова–добраахвотным. Па словах сведкі тых часоў І.Мелянца з вёскі Плюскалаўцы, спрыялі гэтаму і праваслаўныя святары. У адрозненне ад каталіцкіх яны настойліва заклікалі людзей ратавацца ад нямецкай навалы, запалохваючы жорсткай расправай германцаў над праваслаўным насельніцтвам. Тысячы жыхароў Бераставіччыны, як і ўсёй Гродзеншчыны, цэлымі сем’ямі, а часта амаль і цэлымі вёскамі рушылі тады ў цэнтральныя і ўсходнія расійскія губерні.

Вывозіліся і царкоўныя рэліквіі. У адным з архіваў дакументы сведчаць, што ў жніўні 1915 г. з Вялікабераставіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы (так яна ў той час называлася) 5 фурманак, гружаныя царкоўнымі рэліквіямі, накіраваліся на ўсход. Што вывезена – пакуль што невядома. Магчыма, дзе-небудзь у расійскай глыбінцы, у царквах ці музейных фондасховішчах, знаходзяцца каштоўныя рэліквіі нашай царквы. І не толькі Вялікабераставіцкай, такі лёс напаткаў маёмасць многіх храмаў Беларусі.
І, нарэшце, яшчэ раз пра людзей. Многія з бежанцаў у расійскіх губернях працавалі на фабрыках, заводах, шахтах, пілавалі лес у сібірскай тайзе. Потым некаторыя з іх прымалі ўдзел у рэвалюцыі і грамадзянскай вайне. А з 1921 года, пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора паміж Расіяй і Польшчай, людзі сталі вяртацца на Радзіму. У большасці вёсак іх чакалі заросшыя бур’янам папялішчы ды дзе-нідзе цудам уцалелыя буслянкі на старых ліпах ды бярозах. Жыццё трэба было пачынаць нанова…
Мікалай Пацэнка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *