І толькі мама можа падарыць дзецям самую моцную, бескарысную і бясконцую любоў. І самую шчодрую ласку, і самы пяшчотны клопат. Усё гэта адчуваюць на сабе дзеці з маладой мнагадзетнай сям’і Тапарыўскіх, двайняты Насцечка і Федзя, іх старэйшы брацік Антон. Для іх мама—самая лепшая ў свеце. Яна ўсё разумее, усё ведае, усё ўмее. З ёю заўсёды ўтульна, сонечна, цікава і весела! І не толькі ім, родным сыночкам і дачушцы,—іх маму паважаюць і любяць многія школьнікі Вялікабераставіцкай сярэдняй школы. Аксана Антонаўна выкладае тут рускую мову і літаратуру, і яе ўвагі, дабрыні, душэўнага цяпла хапае на ўсіх яе вучняў.
Педагог А.А.Тапарыўская любіць сваю справу, у 2004-м годзе яна была прызнана ў раёне лепшым настаўнікам года.
Шасцікласнік Антон ганарыцца сваёй мамай, і тата, Барыс Віктаравіч, таксама, а маленькія Насцечка і Федзя проста моцна-моцна любяць яе. У Дзень маці яны разам і ад усяго сэрца павіншуюць самага дарагога чалавека са святам, пажадаюць моцнага здароўя і шчасця.
Марыя Драпеза,
фота аўтара
Ад рэдакцыі: Як і ва ўсёй нашай краіне, на Бераставіччыне цяпер праходзіць Тыдзень маці. На святочных мерапрыемствах, сустрэчах ушаноўваюцца матулі, ім прысвячаюцца вершы, песні, гаворацца шчырыя словы падзякі, дорацца падарункі.
Мы таксама віншуем усіх матуль раёна з надыходзячым Днём маці. Усяго вам найлепшага, шаноўныя!