… З таго далёкага ліпеня мінула ўжо шэсцьдзясят восем гадоў. Гэта ж колькі вады ўцякло… Мне вунь ужо восемдзясят чатыры стукнула. А здаецца ўсё нядаўна было. Калі вы спыталіся, ці помню, як вызвалялі ад немцаў нашы Магіляны і вёскі наўкол, я падумала: да драбніц усё помню!
Мне ж тады шаснаццаць было. У акупацыю колькі страху нацярпелася! Дзяўчат і хлопцаў у Германію бралі. А мая старэйшая сястра Ніна ў канцлагеры пасля Беластоцкай турмы апынулася. І я гэтак ужо баялася, што таксама траплю на чужыну. Як толькі пойдуць чуткі, што зноў будуць “хапаць” моладзь, па месяцы у вёсцы, бывала, не паяўляюся. Усе пад страхам жылі. Немцы едуць па вуліцы – ніхто нават у шыбіну не выгляне. Бо ні за што маглі цябе расстраляць: не так зірнуў ці не тое сказаў. Помню, дзядзьку Аляксея Сіцько з жонкай і цешчай забілі, Ёзіка Мурына таксама…
У сярэдзіне ліпеня 44-га фашысты ўцякалі. Гнала іх наша армія! Але ўсе ж яшчэ агрызаліся, стралялі. І мы ў сваіх Магілянах апынуліся на самай лініі фронту. Вось паслухайце.
***
… Страляніна набліжалася.
— Будзем схрон на агародах капаць, — сказаў татка. – А то нездабраваць ад якога ліхога снарада. Суседзі вунь ужо выкапалі.
Я чула ад бацькоў і старэйшых вяскоўцаў, што нашы па берагах Свіслачы, ад Ярмолічаў на Знай-дзіна, акапаліся. А фашысты ўмацаваліся ў Магілянскіх гарах. Потым, калі мы з бацькамі ўцякалі з-пад агню, бачыла ўсё гэта на свае вочы.
У той першы дзень вызвалення да вечара ішла страшная перастрэлка. Ляцелі снарады, чуліся выбухі. Адзін снарад трапіў у хату нашага вяскоўца, і яна загарэлася. Мы з суседзямі хаваліся ў сваіх схронах. Астатніх, як казалі людзі потым, немцы выгналі з вёскі, адправілі ў Жорнаўку. А хаты падпалілі. Наша была чацвёртай з краю і неяк уцалела. Праўда, снарад праляцеў перад самымі вокнамі. Блізка ад хаты – кусты, адтуль і дапамог увечары татка дабрацца да агародаў раненаму савецкаму разведчыку. Конь пад ім таксама быў паранены, і баец не мог дабрацца да сваіх. Мяне і сястру адправілі ў зямлянку да сусе-дзяў, а маці перавязвала раненага. Помню, як ён ўсё прасіў вады.
Пад раніцу той баец сказаў: “Мамаша, дзякуй вам за дапамогу. Ідзіце да дзяцей, а я адпаўзу ў кусты. Мне трэба да сваіх дабірацца.”
Так потым расказвала нам маці. І ўсё шкадавала таго хлопца: як жа ён, бедненькі, ці хоць дапоўз куды, ці выжыў?
Не ведаю, як мы перажылі тую ноч, бо гэтак ужо страшна, дзеткі, было: вакол вухкала, часта старлялі. Ранкам на нейкі час стала ціха. І рашылі мы дабірацца да ўсіх іншых, за горы. Вёска Казлы – як вымерла, ні душы. У Канюхах – таксама, але тут, урэшце, убачылі адзінокую жанчыну. Яна і сказала нам: ідзіце ў канец вёскі, у бок Одлы, а там – налева ў балота.
Тая мясціна называлася ў народзе Клябаншчынай, і тут хаваліся людзі з блізляжачых вёсак. Многія трапілі пад кулі. Загінула і знаёмая нам жанчына з Канюхоў.
У жыце, каля Магілянскіх гор, было многа нямецкіх салдат, тэхнікі. Тут яны акапаліся і стралялі ў бок Свіслачы, па нашых войсках. Уласна, мы зноў апынуліся ў самым цэнтры баявых дзеянняў: цераз нас ляцелі кулі, снарады. А дзе ў тым балоце акапаешся, ды і як?
Стала змяркацца. Хацелася есці, а найбольш – піць. Мы ж, уцякаючы, не ўзялі з сабой вады. Смага стала невыноснай. Калі сцямнела, татка, рызыкуючы жыццём, пачаў дабірацца да Свіслачы, каб зачэрпаць з яе вады. А там – нашы салдаты: як Свіслач цякла, так яе берагам стаяў фронт, кулямёт на кулямёце.
— Ды ты што, чалавеча? – здзівіліся вайскоўцы. – Ты ж на самай лініі агню!
Татка расказаў ім, што разам з намі на той Клябанаўшчыне яшчэ чатыры сям’і з Магілян, і ніхто не ведае, куды цяпер уцякаць, дзе хавацца.
Помню, ён паявіўся ў цемры з саладтам, і мы ўсе папаўзлі ўслед за гэтым ваенным уздоўж ракі ў бок Ярмолічаў, аж да Знайдзіна. Там цераз Свіслач была кладка, а далей – вялікая сцірта.
У ёй мы спачатку і хаваліся. А потым дабраліся да сваякоў у Каенеўцы, дзе ўжо былі рускія. Салдаты далі татку кульгавую, непрыгодную для фронту, кабылу, і яна потым яшчэ доўга выручала нас пасля вайны.
А іншыя сем’і, якія таксама вывеў з-пад агню той ваенны, пайшлі да сваякоў у Валотыні і Гольні.
У Каенеўцах мы жылі ў мамінай сястры цэлы тыдзень. Татка ўсё парываўся ісці дахаты, хацеў знайсці карову, якая, калі ўцалела ад снарадаў, карміла на пашы сябе сама. Але мы баяліся яго адпускаць: а раптам яшчэ дзе хаваюцца немцы?
Хаця жылося ў цёткі нялёгка: у яе самой вялікая сям’я, ды нас яшчэ чацвёра. Такіх бежанцаў, як мы, у вёсцы было нямала. Помню, як ваенныя кармілі нас, дзяцей, кашай са сваёй палявой кухні. Мы былі шчаслівыя: немцы ўцяклі, вайна пакацілася на захад, і можна смела хадзіць па вёсцы, нікога на баючыся!
***
Нядаўна з раённай кнігі “Памяць” даведалася, што нашу Бераставіччыну вызвалялі многія воінскія падраздзяленні. У баях загінулі звыш 800 салдат. Вечная памяць тым, хто аддаў сваё жыццё за мір у нашым родным краі.
Расказ Надзеі Міхайлаўны Лапаткі з вёскі Магіляны
запісала Марыя Драпеза