Творчыя фальклорныя калектывы і асобныя выканаўцы Бераставіччыны 11 чэрвеня ўдзельнічалі ў занальным этапе абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы». Прагляд фальклорных праграм калектываў з Ваўкавыскага, Бераставіцкага, Свіслацкага і Гродзенскага раёнаў праходзіў у аграгарадку Вярэйкі Ваўкавыскага раёна.
Абласны фестываль рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы» праводзіцца з мэтай захавання, развіцця і прапаганды традыцыйнай народнай творчасці Гро-дзеншчыны, далучэння дзяцей, падлеткаў, моладзі да гісторыка-культурнай спадчыны сваёй краіны, выяўлення самабытных носьбітаў беларускага фальклору, папулярызацыі іх творчасці, пашырэння межаў іх дзейнасці. Як вынік – пры падрыхтоўцы да фестывалю расце цікавасць і павышаецца ўвага да вывучэння мясцовых нацыянальных традыцый, гульнявога, песенна-танцавальнага жанраў і абрадавай спадчыны роднага краю.
Абласны фестываль рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы» ахоплівае ўсю Гродзенскую вобласць. На ім дэманструюцца дасягненні рэгіянальнай фальклорнай творчасці як кожнага раёна, так і асобных вёсак Гродзеншчыны. Фестываль праходзіць у тры туры: I тур – раённыя адборачныя агляды; II тур – рэгіянальные агляды. У II туры кожны раён прадстаўляе праграму ад 20 да 50 хвілін, імкнучыся паказаць нумары ў розных намінацыях, а таксама рыхтуючы экспанаты для выставы, фотаздымкі і творчыя характарыстыкі сваіх калектываў.
Фальклорная праграма Бераставіцкага раёна складалася з тэатралізаванага прадстаўлення абрада “Завіванне куста”, з якім выступілі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага гуртка “Дударочкі” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг.Стары Дворац (мастацкі кіраўнік Алена Бутрыла). Сваёй творчасцю падзяліліся ўдзельніцы фальклорнага гурта “Надзея” сельскага клуба сацыяльна- культурных паслуг в.Пыхоўчыцы (кіраўнік Рамуальда Пальяноўская). “Легенду пра заснавальнікаў Вялікай Бераставіцы – Бераста і Тавіцу” распавёў выканаўца ў намінацыі “народная проза”, краязнаўца Мікалай Пацэнка. Выступленне нашых прадстаўнікоў выклікала станоўчы водгук у гледачоў і членаў журы.
У фае Вярэйкаўскага Дома культуры дзейнічалі выставы вырабаў народных умельцаў, у тым ліку і з Бераставіччыны, якую падрыхтавалі супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Вынікі прагляду фальклорных праграм журы аб’явіць пазней, пасля завяршэння ўсіх занальных этапаў.
Святлана Ганчарова