Сезон канцэртаў на сцэне амфітэатра ў г.п. В.Бераставіца адкрыўся ў нядзелю з выступлення ўзорнага духавога аркестра “Tutti” Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Менавіта з творчай справаздачы гэтага калектыву па традыцыі распачынаецца канцэртная дзейнасць устаноў культуры ў летні перыяд. Па выхадных днях амфітэатр зноў запрашае аматараў музыкі адпачыць на свежым паветры.
Дзейнасць аркестра на працягу года была дастаткова пладатворнай і насычанай: шмат выступленняў на раённым узроўні, паспяховы ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях. Дарэчы, з апошняй творчай паездкі, якая адбылася 11 мая ў г.Ліда, юныя музыканты зноў прывезлі шмат дыпломаў. Тут, у Лідзе, праходзіў Першы адкрыты дзіцячы джаз-фестываль “Птушка”, мэтамі якога з’яўляецца раскрыццё творчага патэнцыялу дзяцей, папулярызацыя джазавага мастацтва, захаванне і развіццё выканаўчых традыцый у джазавым напрамку, падтрымка педагогаў, якія працуюць у гэтым жанры.
Фестываль сабраў юных аматараў джазу з 26-ці гарадоў Беларусі. Наш духавы аркестр стаў першым у намінацыі “ансамблі” і атрымаў высокую адзнаку членаў журы за дастойны ўзровень выканання і адпаведнасць усім патрабаванням да праграмных твораў. У сольнай намінацыі Арцём Нікан, Яўген Зенчык і Яўген Патурынскі атрымалі дыпломы ІІІ ступені. Павел Рыжко ўзнагароджаны дыпломам за паспяховае выкананне. Адразу дзве граматы – за высокае педагагічнае майстэрства пры падрыхтоўцы ансамбля і салістаў – атрымаў настаўнік па класу духавых інструментаў Вадзім Антоненка, а настаўнік па класу гітары з Пагранічнага філіяла школы мастацтваў Ілля Худзякоў атрымаў грамату за высокае канцэртмайстарскае майстэрства.
Летнія канікулы не за гарамі, аднак у духавікоў наперадзе новыя выступленні. У прыватнасці, юных музыкантаў узорнага аркестра “Tutti” чакаюць у Парэччы, на міжнародным свяце духавой музыкі «Фанфары сяброў».
Святлана Ганчарова