Адраджэнню і захаванню беларускіх каляндарна- абрадавых свят сёння ў краіне надаецца значная ўвага. Шэраг задач у гэтым напрамку ўключаны ў Дзяржаўную праграму «Культура Беларусі» на 2011—2015 гады для далейшай рэалізацыі. Пра важнасць справы адраджэння фальклорнай песеннай спадчыны, забытых промыслаў і народных рамёстваў гаворыць і тое, што ў Беларусі не спынена мэтанакіраваная работа па ўключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека. У цяперашні час статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены каляднаму абраду «Шчодрык»( вёска Рок, Салігорскі раён, Мiнская вобласць); каляднай гульні «Жаніцьба Цярэшкі»(Лепельскі раён, Віцебская вобласць); «Наўскаму Вялікадню» (вёска Аброва, Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць); тэхналогіі стварэння майстрамі Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці драўляных музычных народных інструментаў; абраду «Тураўскі карагод» на свята Юр’я (вёска Пагост, Жыткавіцкі раён, Гомель-ская вобласць) ; абраду «Ваджэнне стралы» (вёска Казацкія Балсуны, Веткаўскі раён, Гомельская вобласць); аўтэнтычным фальклорным калектывам “Глыбокiя крынiцы”, “Журавушка”, “Павалякі” (Любанскі раён, Мінская вобласць) і г.д. Абрад «Калядныя цары» в. Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці ўключаны ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Падрыхтаваны і накіраваны ў штаб-кватэру UNESCO матэрыялы па ўключэнні ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва UNESCO рамеснай традыцыі «Творчасць майстроў-шапавалаў Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці».
Якія абрады і ў якой форме выкарыстоўваюцца ва ўстановах культуры нашага раёна? Гэтае пытанне разглядалася падчас творчай лабараторыі кіраўнікоў фальклорных калектываў, работнікаў Дамоў культуры і клубаў пад назвай “Спецыфіка правядзення каляндарна-абрадавых свят зімовага і вясновага цыклаў”, праведзенай у адпаведнасці з планам работы раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Сустрэча была выязной. Удзельнікі творчай лабараторыі наведалі Кватарскі сельскі Дом культуры і вольнага часу, Бераставіцкі Дом рамёстваў, Пархімаўскі Дом культуры і вольнага часу, Малабераставіцкі ЦДК, Лішкаўскі клуб-музей. У кожнай з гэтых устаноў культуры ўвазе гасцей былі прапанаваны для прагляду тыя ці іншыя абрады ці гульні найбольш любімых і папулярных у народзе зімовых і вясновых каляндарна-абрадавых свят. Адбыліся таксама майстар-класы па вырабу цацак і іншых прадметаў, якія звычайна суправаджаюць гэтыя абрады.
У Кватарскім сельскім Доме культуры і вольнага часу (дырэктар С.М.Касьян, мастацкі кіраўнік В.М.Голец) на дастаткова добрым узроўні быў прадэманстраваны дзіцячы абрад “Калядкі”. Народныя касцюмы ўдзельнікаў абрада, аформленая ў выглядзе вясковай хаты сцэна выдатна дапаўнялі прадстаўленне. Прагучала шмат калядных песень і віншаванняў, былі праведзены адпаведныя калядныя гульні.
У Бераставіцкім Доме рамёстваў (дырэктар Т.М.Касьян) удзельнікі творчай лабараторыі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з тэхнікай вырабу з саломкі птушак-вяснянак, якія звычайна выкарыстоўваюцца ў свяце “Гуканне вясны”.
У Пархімаўскім Доме культуры і вольнага часу (дырэктар І.М.Дзярнейка) было паказана свята “Камаедзіца”, у дэманстрацыі якога прынялі ўдзел члены дзіцячага фальклорнага гурту “Рамонкі” і аматарскага аб’яднання “Спадарожнік”. Дарэчы, свята гэтае – аналаг Масленіцы, яно вельмі старажытнае, засталося нам у спадчыну яшчэ з паганскіх часоў. Лейтматывам Камаедзіцы праходзіць святкаванне абуджэння прыроды, нараджэння новага лета. Людзі радаваліся, што перажылі яшчэ адну зіму, развітваліся з ёй, як з надакучлівай госцяй. Аладкі — маленькія ўвасабленні сонца– з асалодай і радасцю елі, частавалі суседзяў ды сваякоў, а першы блін ахвяравалі багам. Гарохавая каша таксама лічылася неабходным атрыбутам святочнага застолля, бо яна, як меркавалі продкі, была лю-бімым ласункам мядзведзя, якога вельмі шанавалі ў старажытнасці і лічылі сваім продкам і татэмам. Мядзведзь з’яўляўся адным з увасабленняў бога Велеса, пакравіцеля хатніх жывёл. Каб заручыцца спагадлівасцю мядзведзя, у лес яму насілі пачастункі — тую самую гарохавую кашу, якая часта зліпалася ў камы. Гэтыя камы, верагодна, і далі назву ўсяму святу — «кама- едзіца» — «камы есці».
У Малабераставіцкім ЦДК (дырэктар Г.А.Варанцова, мастацкі кіраўнік Л.П.Валейка) вельмі натуральна, на добрым прафесійным узроўні, у атмасферы, блізкай да сапраўднага свята, прайшоў абрад “На Вялікдзень”. Удзельнікі фальклорнага калектыву “Вясёлка”—дарослыя і дзеці – прадэманстравалі велікодны песенны і танцавальны рэпертуар, характэрны менавіта іх мясцовасці.
У Лішкаўскім клубе-музеі (загадчыца І.І.Ільінава) удзельнікаў творчай лабараторыі чакала знаёмства з арганізацыяй работы гэтай установы па адраджэнні і захаванні народных традыцый, рамёстваў і промыслаў, а таксама прагляд і непасрэдны ўдзел у гульнявой праграме “Агата і Пранцысь”. Героі купалаўскай “Паўлінкі” Агата і Пранцысь адметныя добрым народным гумарам, нейкай асаблівай заўзятасцю, яркасцю. Менавіта ім па сцэнарыю і выпала праводзіць вясёлыя народныя гульні, азарт якіх госці змаглі адчуць на сабе. Акрамя гэтага, работнікі культуры даведаліся пра асноўныя прыёмы вырабу беларускай лялькі падчас майстар-клас, які правяла Ірына Іванаўна, убачылі і работы гурткоўцаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што дзейнічае пры клубе-музеі.
У Макараўцах адбылося падвя-дзенне вынікаў работы творчай лабараторыі, абмен меркаваннямі па ўбачаным, прагучалі прапановы і пажаданні па больш шырокім выкарыстанні традыцыйных беларускіх свят і абрадаў у практыцы работы клубных устаноў. Выказалі падзяку тым, хто дапамог з арганізацыяй і правядзеннем сустрэчы. Гэта старшыня СВК “Макараўцы” М.І.Лохман , яго намеснік па ідэалагічнай рабоце А.М.Капіца і дырэктар Макараўскага ясляў- сада-сярэдняй школы П.М.Панкевіч.
Зроблены вывад: самыя любімыя ў народзе святы—Калядкі, Масленіца, Вялікдзень, Купала і інш. – жывуць, і асноўныя моманты іх святкавання перадаюцца з пакалення ў пакаленне, ад бабуль і дзядуль. Святы гэтыя прыгожыя, з багатай, кранаючай душу фальклорнай спадчынай, з нейкай асаблівай таямніцай і хараством. Дакранацца да гэтай таямніцы, да прыгожага рытуалу людзям падабаецца, пра што сведчаць усё больш шырока адзначаемыя сёння народныя святы і ў сем’ях, і ва ўстановах культуры на масавым узроўні.
Святлана Ганчарова