Творчасць як стыль жыцця Артура Мядзелка

Актуально Человек и его дело

Прынята лічыць, што незаменных людзей не бывае. У большасці выпадкаў яно, мабыць, і так. Але падчас дзе-нідзе сустракаюцца людзі, якія цалкам прысвячаюць сябе абранай справе і для каго прывычнай з’явай жыцця стала “з галавой” паглыбляцца ў работу. У іх ліку і выкладчык з Малабераставіцкага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя перапрацоўчай прамысловасці Артур МЯДЗЕЛКА (на здымку). Мастак, фатограф, ландшафтны дызайнер, калекцыянер… Вось далёка не поўны пералік усіх яго “іпастасей”.
Свае творчыя схільнасці Артур Мікалаевіч атрымаў у спадчыну ад маці — выкладчыцы выяўленчага мастацтва Ліліі Кліменцьеўны. Гэта яна з дзяцінства прывівала яму і яго малодшаму брату, які, дарэчы, стаў музыкантам, любоў да мастацтва і эстэтычны густ. Таму і выбар будучай прафесіі Артура Мікалаевіча ў пэўнай ступені быў прадвызначаны: ён скончыў Мірскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці “дэкаратар-афарміцель”, а пазней яшчэ атрымаў і вышэйшую адукацыю. Падчас вучобы ён сустрэў сваю “другую палавінку” Наталлю — так і трапіў на Бераставіччыну з роднай вёскі Крывічы Мядзельскага раёна. Разам з ёй займаўся афармленнем спартыўнай залы, дысказалы і відэасалона ў ліцэі. Але сапраўдным “дзецішчам” Артура Мікалаевіча з’яўляецца дэндрарый, закладзены пры ліцэі 2 гады таму ў гонар 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Калісьці тут высілася невялікая альпійская горка. Дзякуючы клопатам педагога і яго выхаванцаў дэндрарый пастаянна “прырастае” новымі дрэвамі і кустарнікамі самых розных відаў, клумбамі. Ёсць тут і сонечны гадзіннік, які, як я ўпэўнілася на ўласныя вочы, сапраўды дзейнічае і паказвае дакладны час.
Ліцэістам даўно палюбіліся гурткі, якія вядзе Артур Мікалаевіч — “Выяўленчае мастацтва” і “Сам сабе рэжысёр”. На іх выкладчык не толькі вучыць юнакоў і дзяўчат азам выяўленчага мастацтва і розным відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фота- і відэамайстэрству, але — у больш агульным сэнсе — прывівае ім творчае светаўспрыманне.
Работы навучэнцаў неаднаразова былі прадстаўлены ў абласным і рэспубліканскім этапах агляду-конкурсу тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, займалі на іх прызавыя месцы. А нядаўна гурткоўцы прынялі ўдзел у абласным конкурсе “Мой род — мая сям’я”. Пад кіраўніцтвам Артура Мікалаевіча і бібліятэкара ліцэя яны з энтузіязмам збіралі інфармацыю аб ўладальніках Мураванскага маёнтка, а потым рыхтавалі медыяпрэзентацыю.
Дарэчы, гісторыя роднага краю — гэта яшчэ адно захапленне Артура Мікалаевіча. Адсюль — і любоў да калекцыянавання прадметаў даўніны. У яго асабістай калекцыі маюцца прадметы сельскага побыту ХІХ-пачатку ХХ ст.ст., кнігі, элементы зброі, фотатэхніка, а яшчэ — багатая калекцыя манет. Узрост самай старадаўняй манеты налічвае чатыры стагоддзі.
Цікава, што свабодны ад работы час Артур Мікалаевіч таксама прысвячае творчасці: асвойвае новыя віды мастацкай тэхнікі (да прыкладу, выраб рутар — скульптур з драўляных каранёў), займаецца жывапісам, шукае ў фотааб’ектыве цікавыя ракурсы і прыгожыя краявіды…
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *