Твой скарб – беларуская мова. Мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы прайшлі ў Пархімаўскім яслях-садзе-базавай школе

Лента новостей Образование

         У кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. І вельмі становіцца горка, калі чалавек не шануе, забывае яе. Дзеля захавання тых моў, што знікаюць, ЮНЕСКА і аб’явіла 21 лютага Днём роднай мовы.

У Пархімаўскім яслях-садзе – базавай школе ўжо стала традыцыйным правядзенне мерапрыемстваў да Міжнароднага дня роднай мовы.

Кожны навучэнец і настаўнік прыняў удзел у акцыі “Маё любімае беларускае слова”. Наш плакат “расквітнеў” ад мілагучных і любімых беларускіх слоў. У выніку акцыі быў складзены каталог беларускіх слоў нашай школы.

Пачатковыя класы прынялі ўдзел у выставе малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў. Вучні з захапленнем разглядалі малюнкі сваіх сяброў і абмяркоўвалі іх.

Даспадобы прыйшлося і правядзенне агульнашкольнага дыктанта, калі ў адзінай прасторы сабраліся дарослыя з мэтай праверыць свае веды па беларускай мове.

Цікава прайшло падарожжа “Пагавары са мной на мове, на нашай роднай…”. Хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем адгадвалі рэбусы, успаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі, загадкі, песні, пазнавалі творы па зачытаных урыўках.

У суботу, 20 лютага, навучэнцы 5-9  класаў прынялі ўдзел у цікавым інтэлектуальным спаборніцтве – сваёй гульні “БелаВеды”. Хлопцы і дзяўчаты, падзеленыя на дзве каманды, вельмі актыўна дэманстравалі свае веды па кожнай з пяці прапанаваных тэм (“Радзіма”, “Назвы”, “Беларуская мова”, “Лексіка”, “Беларуская літаратура”). Заслужаную перамогу атрымала каманда “Беларусачкі”.

Але самым чаканым мерапрыемствам стала сустрэча з пісьменнікам. 17 лютага адбылася творчая анлайн-сустрэча вучняў з маладой паэткай, прадстаўніцай Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Вікторыяй Смолкай. Паэтэса паказала навучэнцам два зборнікі сваіх вершаў:  “Зоркаму сэрцу” i “Анёл-ахоўнiк”. Вікторыя чытала свае вершы, напоўненыя глыбокім сэнсам. 

Задуманае, спланаванае адбылося: кожны вучань быў задзейнічаны, кожны для сябе штосьці адкрыў, зразумеў, адчуў. 

Хто б ты ні быў: жанчына ці мужчына, настаўнік ці вайсковец – ведай, што твой скарб – БЕЛАРУСКАЯ МОВА!

Святлана ВОЙШЭЛЬ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *