Таццяна Данік — цялят­ніца малочнатаварнай фермы “Малая Бераставіца”

Сельское хозяйство Человек и его дело

img_7822Прыемная і энергічная жанчына – такое добрае ўражанне склалася ад знаёмства з цялят­ніцай малочнатаварнай фермы “Малая Бераставіца” КСУП “Мала­бераставіцкі элітгас” Таццянай Данік. Гутарка з ёю запомнілася, да яе хацелася варочацца ў думках. Мая субяседніца так яскрава і вобразна расказвала пра сваё жыццё, што нават шкада было развітвацца.

Цудоўная сакавітая беларуская мова, трапныя яркія малюнкі з пражытага і сённяшняга часу прыцягвалі ўвагу да асобы гэтай жанчыны. Калі нехта чытаў або, можна сказаць, зачытваўся кнігай нашай выдатнай беларускай пісьменніцы Алены Васілевіч “Пачакай, затрымайся”, дык убачыць у ёй з гераіняй рамана, ды і з многімі намі роднасць душ. Вясковая проза – неацэнны багаты “пласт” у айчыннай літаратуры, вірлівай гаючай крынічкай там перадаюцца непрыкметныя каштоўнасці, якія дапамагаюць “людзьмі звацца”. У сялянскіх сем’ях дзяцей змалку прывучалі да працы, і ніхто нават не думаў, што можа быць інакш. Калі капалі бульбу, напрыклад, дык нават тыя, каго яшчэ ад зямлі не вельмі было і відаць, як мурашкі рупіліся разам з дарослымі. А ў Таццяны ўласная адметная карцінка з дзяцінства. Мама была даяркай, а кароў даілі тады ўручную, дык з шасці дзяцей чацвёра дзяўчынак і “нават малодшанькі брат” быццам на крылах ляцелі на ферму. Маме хацелі дапамагчы, бо трэба было падаіць 25 карміцелек. Хто родам з вёскі, ведае, як баляць рукі і пасля адной дойкі, бо спыняцца і адпачываць нельга, тут майстэрства патрэбна. Кароўка таксама адчувае, ці ўмелыя рукі яе дояць, прывыкае да клапатлівай гаспадыні і тады стаіць спакойна. І вось хіба з чатырох гадоў, як пачала маленькая дзяўчынка сябе памятаць, урэзаліся ў памяць ёй такія яркія эпізоды. Нават на занятках у школе хацелася спаць, літаральна заплюшчваліся вочы, бо маме тады ўжо дзеці дапамагалі па чарзе. Спагадлівасць да жывой істоты, жаданне зрабіць усё, як мага лепш, таксама ў Таццяны адтуль, з дзяцінства, па прыкладу яе маці. Так і прыйшла наша гераіня потым у жывёлагадоўлю, бо іншага занятку для сябе не ўяўляла.
— Маё жыццё цяжкае, там праца, праца і праца, — канстатуе жанчына, і голас яе робіцца сумны.
Я разумею яе, бо жывёлагадоўчая галіна вельмі нялёгкая, патрабуе вялікай аддачы, суперажываю разам з руплівай цялятніцай, якая ўвесь час працуе “на сумленне”, і, каб не акцэнтаваць, задаю канкрэтнае наступнае пытанне, якое пераносіць нас у цяперашні час:
— Якога ўзросту ў Вас цяляты?
І раптоўна наступае цуд. Жыццё зноў іграе яркімі колерамі, бо голас Таццяны адразу мяняецца і ў ім гучыць любоў, а без любові нічога добрага не можа быць на гэтым свеце.
— Цяляты ў мяне ўзростам пасля месяца, ёсць і меншанькія, а ўсяго іх зараз семдзесят, — расказвае яна. – Яны дзеткі, сапраўдныя “каровіны” дзеткі, і глядзець іх трэба так, як дзяцей. За імі вока патрэбна і вока! Як ядуць, ці здаровыя, ці рухавыя, ці вясёлыя. Мне з імі добра. Я люблю сваю работу. Мне яна па душы…
Такіх сціплых, спагадлівых і душэўна шчодрых жанчын шмат у нашых гаспадарках. Колькі разоў у мяне самой нават наварочваліся слёзы, калі такая пяшчотная простая жанчына ціха прыгаворвала неразумнаму яшчэ малому цяляці:
— Пі, маленькі, пі, мой харошы. Куды ты, ну, хадзі сюды, ну што ты… Ну, давай, еш, будзеш дужы… От малайчына!
Дабрыня – універсальны метад зносін з любой жывой істотай, унікальны чароўны сродак, які кожнаму зразумелы.
Цяляты ў Таццяны Іванаўны дагледжаныя, паказчыкі ў яе добрыя, бачна, што яна сапраўдны прафесіянал. І пазітыўныя адносіны да свайго занятку, праца з душой вельмі важныя. “Без душы” нельга дабіцца трывалых добрых вынікаў, што б чалавек ні рабіў.
Пагаварылі пра нялёгкую паўсядзённую работу, напрыклад, пра тое, як рана трэба жывёлаводам прачынацца, што цялят трэба даглядаць “без выхадных”. Далей наша гутарка з Таццянай Іванаўнай пайшла па займальнаму асабістаму “рэчышчу”. Жанчына жадае працаваць. І яна выказала думку, што калі б быў прадастаўлены выбар, атрымліваць пенсію ці працаваць, яна б выбрала апошняе. Сэрца ёй грэе тое, што яна – “багатая бабуля”. У маладжавай і спартыўнага выгляду Таццяны Іванаўны (а як жа, працуе на свежым паветры, пастаянна рухаецца) сямёра ўнукаў, і гэта вялікае шчасце. Каму так пашанцавала ў жыцці, шчыра дзякуюць Богу. Магчыма, не ўсяго будзе хапаць такім дзецям, асабліва ў шматдзетных сем’ях, але вось яны – любыя вочкі, шчырыя непасрэдныя ўсмешкі, любоў, якая, як жвавы сонечны праменьчык, асвятляе жыццё. А як маленькія чулыя дзяўчынкі і хлопчыкі ўмеюць сказаць трапнае добрае слова, парадаваць блізкага чалавека! Галоўнае ў выхаванні – навучыць іх рабіць стаўку ў далейшым на “вуду”, а не на “рыбу”, разлічваць на ўласныя свежыя маладыя сілы.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *