Такім было жніво ў 1957-м…

Из истории земли Берестовицкой Лента новостей

У разгары жніво. На палях працуе магутная і з дызайнерскага пункту гледжання проста-такі прыгожая тэхніка. Калі ў позніх прыцемках камбайны едуць праз вёскі ў мехмайстэрні, з хат бабуль і дзядуль выбягаюць іх гарадскія ўнукі, каб яшчэ і яшчэ раз палюбавацца на дзівосныя “Палессе”, “Джон Дзіры”, “Лексіёны”…

У такі жніўны час Генрыху Станіслававічу Занеўскаму з Вялікай Бераставіцы ўспамінаецца ўласнае дзяцінства. Родам ён з вёскі Мацеевічы нашага раёна. І добра памятае, як убіралі збажыну ў 50-я гады. Падшыванцам ужо і сам удзельнічаў у жніве.
— Работы ў такі гарачы час хапала ўсім, — расказвае. – Брыгадзір даваў нам, хлапчукам, коней з вазамі, і мы звозілі з “дзясяткаў” снапы ў скірду. Гэта былі 56-57 гады. Тады калгас уключаў у сябе ўжо не толькі нашы Мацеевічы, але Вялікія і Малыя Ёдкавічы, Цыдзікі, Барыскі, Станявічы і насіў назву імя Васілеўскага. А ў 1985-м далучылі вёскі Ярмолічы, Жукевічы, Місявічы, Міхаліно, і аб’яднаны калгас назвалі “Свіслач”.
Дык вось, у гэтым самым годзе татка купіў яму, васьмікласніку Генрыху, фотаапарат “Любіцельскі”. І хлопец здымаў ім вясковае жыццё.
— Метраў за трыццаць ад нашай хаты стаяла кузня (на здымку), — расказвае мой суразмоўца, – там мой татка, Станіслаў Казіміравіч, амаль усё жыццё працаваў кавалём. Меў два, а то і тры памочнікі. Помню, гарна з мяхамі ўжо не было, раздзімалі агонь ручным вентылятарам. У кузні рамантавалі плугі, бароны, акоў-валі драўляныя калёсы, рыхтавалі да работы касілкі, жняяркі.
На адным са здымкаў бацька Генрыха Станіслававіча якраз і рамантуе жняярку. А на другім юны фатограф сфатаграфаваў сам працэс жніва.
— У нашай брыгадзе “Мацеевічы” было тады чатыры жнеяркі, — расказвае Генрых Станіслававіч. – На здымку відаць, як пары коней цягнуць іх. На першай жняярцы – калгаснік Зянон Міхайлавіч Анджэеўскі.
У першыя гады калгаснага жыцця снапы з поля звозіліся ў гумны, дзе іх і малацілі. А ў 1957 годзе, калі рабіліся гэтыя здымкі, ура-джай ужо складваўся ў сцірты.
— Ну, а калгаснікі, завяршыўшы кладку сціртаў, пачыналі сяўбу азімых, — апавядае мой суразмоўца. – Да абмалоту ж прыступалі, калі з поля былі ўбраны бульба, буракі, бручка, бывала на дварэ стаяла ўжо зіма. Памятаю, што прыязджаў з машынна-трактарнай станцыі трактар з малацілкай, і часта абмалот вёўся нават ноччу. Працаўнікоў у любой брыгадзе было тады многа, у нашых Мацеевічах 30 двароў, і ў кожным – па некалькі працаздольных.
Ураджаі пры тагачаснай агратэхніцы былі мізэрнымі, не болей, па-мойму, чым дзесяць цэнтнераў з гектара. У апошнія гады СВК імя Варанецкага намалочвае пад 80 цэнтнераў. Наш калгас “Свіслач” “уліўся” ў гэтую вялікую і моцную гаспадарку, калі я не памыляюся, у 1976 годзе.
… Гледзячы на такія вось фотаздымкі мінулых гадоў, яшчэ раз пераконваешся, як імкліва бяжыць час, мяняецца наша жыццё.
Марыя ДРАПЕЗА



1 комментарий по теме “Такім было жніво ў 1957-м…

  1. Статья за душу трогающая, дети увидели прадедушку.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *