Такімі людзьмі моцная гаспадарка

Лента новостей

IMG_0095У агранома — насеннявода СВК “Цецяроўка” Аляксея Ціханава цікавы лёс. Калі здараецца, што некаторыя нашы землякі наогул нікуды далёка не выязджаюць са свайго “наседжанага месца”, дык гэты чалавек жыве ўжо ў трэцяй па ліку краіне.

У дзяцінстве ён жыў з бацькамі на Урале, затым сям’я вырашыла пераехаць у Латвію. У Прыбалтыцы ў гады існавання Савецкага Саюза была добра наладжана вытворчасць, эфектыўна, нягледзячы на не зусім спрыяльныя кліматычныя ўмовы, развівалася сельская гаспадарка, асабліва малочная галіна, вялікая ўвага надавалася таксама развіццю сацыяльнай інфраструктуры. Людзі прыязджалі туды з самых розных месцаў саюзных рэспублік. Шмат было рускіх, украінцаў, якіх прывабліваў больш высокі ўзровень жыцця. Для іх дзяцей у школах адкрываліся рускамоўныя класы. У адным з такіх вучыўся і Аляксей.
А пасля заканчэння школы юнак паступіў у Латышскую сельскагаспадарчую акадэмію, выбраў прафесію агранома. Там давалі грунтоўныя веды, вучыцца было цікава. Гэтая вышэйшая навучальная ўстанова займала дастойнае месца сярод лепшых устаноў аграрнага профілю саюзных рэспублік.
Размеркавалі маладога спе­цыя­ліста ў адзін з мясцовых калгасаў.
— Тады ўсюды былі калгасы, фермерства не было, як зараз, — працягвае гутарку Аляксей Міхайлавіч. – Але і на той час там мы атрымлівалі па 50 цэнтнераў з гектара збожжавых.
— Такая высокая ўраджайнасць у “паўночнай” краіне дасягалася за кошт чаго? – пытаюся.
— У той час у дастатку было мінеральных угнаенняў, ды і тэхналагічныя параметры вытворчага працэсу захоўваліся, таму і вынік быў адпаведны, — тлумачыць спецыяліст.
Пасля распаду Савецкага Саюза ў Латвіі калектыўным гаспадараннем людзі ўжо не жадалі займацца, і калгасы пачалі расфарміроўваць. Набыў моц інтэнсіўны фермерскі рух. Адначасова абвастрылася нацыянальнае пытанне, таму не карэнным жыхарам жылося няпроста. Бацькі жонкі маладога агранома былі з нашых мясцін, таму было вырашана пераехаць у Беларусь. Пра нашу краіну ў Аляксея ўжо тады складвалася добрае ўражанне. Ён захацеў тут жыць і працаваць. Сям’я пераехала ў Бераставіцкі раён, і праз некаторы час у калгасе “Авангард” Аляксею даверылі пасаду галоўнага агранома.
— Ураджайнасць збожжавых спачатку там была невысокая, 20 – 30 цэнтнераў з гектара, затым стала патроху ўздымацца, — расказвае спецыяліст. – А пасля ўз’яднання, ужо ў СВК “Цецяроўка”, паказчыкі значна палепшыліся. Глеба ў гэтых мясцінах не вельмі ўрадлівая, пяскі. Але зараз азімая пшаніца “Фігура”, напрыклад, дае каля 60 цэнтнераў з гектара, азімае трыцікале “Антось” – каля 55, азімы ячмень “Якуб” – каля 53 цэнтнераў з гектара.
Значная роля ў такіх поспехах агранома — насеннявода. Аб’ём работ у спецыяліста вялікі – адных складоў у сельгаскааператыве шмат. І трэба кожны з іх па пэўных строгіх правілах падрыхтаваць да прыёму збожжа з новага ўраджаю, потым беражліва яго захаваць. У памяшканнях не павінны заводзіцца шкоднікі, там неабходна захоўваць належны мікраклімат. Любы недагляд можа прывесці да вялікіх страт. Насенне павінна адпавядаць стандартам, за гэтым вядзецца пільны кантроль.
— У гэтага выдатнага спецыяліста заўсёды ў парадку і склады, і насенне, і дакументацыя, — адзначае галоўны аграном Бераставіцкай раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Таццяна Жыўлюк. – Неаднаразова ў СВК “Цецяроўка” прыязджалі з праверкамі з вобласці і нават рэспублікі. І мы ведаем, што гэты чалавек Бераставіччыну не падвядзе, прадставіць наш сельскагаспадарчы раён з самага лепшага боку. Прыемна, што спецыяліст стараецца ўсё зрабіць згодна з патрабаваннямі і сучаснымі тэхналогіямі. Насенне ў гаспадарцы ў добрых клапатлівых руках.
Дзве дачкі выраслі ў Аляксея Міхайлавіча. Абедзьве атрымалі вышэйшую адукацыю – сталі ўрачамі. Рэалізаваўся ён у любімай прафесіі, радуе яго і сям’я.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *