Такое не забываецца ніколі. Жыхарка аграгарадка Пагранічны Надзея Пармонік успамінае ваенныя гады

80 лет Великой Победы Общество

З кожным годам мы ўсё больш аддаляемся ад той гістарычнай падзеі ў жыцці нашага народа, якая адбылася ў 1944 годзе, калі Бераставіччына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. І ўсё менш застаецца сведкаў тых падзей, якія адбываліся на нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таму вельмі важна данесці да маладога пакалення, якому пашчасціла нарадзіцца і жыць у мірны час, праўду пра вайну вуснамі яе відавочцаў. Толькі тыя, хто паспытаў на сабе яе жудасы, ведаюць сапраўдную цану міру. Менавіта з гэтага пункту гледжання мяне вельмі зацікавіла сустрэча з жыхаркай аграгарадка Пагранічны Надзеяй Іванаўнай Пармонік, якая толькі што адзначыла свой 90-гадовы юбілей.

Прызнацца, я не чакаў, што перада мною ў такім узросце акажацца вельмі цікавая субяседніца. Яна не толькі выглядае значна маладзей на свае гады, але і добра памятае ўсё, што адбывалася ў яе жыцці і навокал на працягу многіх дзясяткаў гадоў.
— Нядаўна ляжала ў бальніцы, — кажа Надзея Іванаўна, — дык ніхто не верыў, што мне 90.
А ў малодшай дачкі Тамары нават пыталіся потым, калі яна наведвала маму, ці праўда, што ёй ўжо столькі гадоў.
Між тым, перажыць давялося Надзеі Іванаўне нямала на сваім шляху. І самае галоўнае выпрабаванне прыйшлося на маладыя гады. У дванаццацігадовым узросце маленькая Надзея паспытала, што такое вайна. Нарадзілася яна ў вёсцы Рудаўляны, што раскінулася ў прыгожым маляўнічым месцы на беразе рэчкі Свіслач. На жаль, ад той вёскі ўжо нічога не засталося. Пасля вайны па ёй пралягла граніца, а жыхарам было прапанавана або перасяляцца на новае месца, углыб тэрыторыі, або пераязджаць на другі бок Свіслачы, на польскія землі. Да вайны ж граніца праходзіла значна далей, некалькі дзясяткаў кіламетраў за Беластокам, убок Варшавы.
Савецкая ўлада ў нашай мяс­цовасці ўсталявалася да вайны толькі ў верасні 1939 года, а да гэтага тут была Польшча. Многім сялянскім дзецям у той час было не да вучобы. Сем’і былі звычайна вялікія, і бацькі хацелі, каб дзеці больш дапамагалі па гаспадарцы. Некалькі класаў польскай школы скончыла і Надзея Пармонік. З Рудаўлян дзеці хадзілі ў школу ў Галынку. Адлегласць не такая далёкая, напрасткі цераз лес было ўсяго пару кіламетраў. А Галынка пры Польшчы была вельмі важным населеным пунктам, цэнтрам гміны. Сюды жыхары Рудаўлян хадзілі ў праваслаўную царкву, тут знаходзілася сямігадовая школа.
Усё ішло сваёю чарадою, пакуль у вёсцы не з’явіліся немцы. Кожны жыхар цяпер і малы, і стары, пазнаў, што такое страх. Некалькі эпізодаў з той пары на ўсё жыццё засталіся ў памяці і Надзеі Іванаўны.
— Падчас наступлення немцаў у нас за вёскай, на могілках, схаваліся некалькі савецкіх салдатаў, — кажа Надзея Іванаўна. — Мясцовыя жыхары нават насілі ім ежу некаторы час. А недалёка ад нас жыла адзінокая бабулька. Яна трымала кароўку, свіней. І вось адзін з тых салдацікаў, па прозвішчы Мілюк, прыйшоў аднойчы да гэтай бабулькі і застаўся жыць разам з ёю. Ён дапамагаў ёй па гаспадарцы. Дзякуючы гэтаму, і застаўся ў жывых. Потым ён хатку сабе паставіў, ажаніўся, там і пражыў да самай смерці. А жонка яго нядаўна памерла, 94 гады было ёй, яна хату перавезла пазней у Пагранічны.
— Яшчэ аднаму з тых салдацікаў даў прытулак наш бацька, — працягвае субяседніца. — Пайшоў ён аднойчы на ранку па сена авечкам у гумно, бачыць ляжыць там незнаёмы чалавек. Ім аказаўся адзін з тых салдатаў, што хаваліся на могілках. Звалі яго Алёшкай, ён захварэў і прыйшоў за дапамогай у вёску. Бацька прывёў яго дахаты. А немцы кожны ранак хадзілі і правяралі. Вядома, не маглі яны не заўважыць у хаце мужчыну, які ляжаў на ложку. Бацька растлумачыў, што ён моцна захварэў і не можа хадзіць. Тады немец прыказаў запрэгчы ранкам каня і адвезці хворага ў шпіталь у Беласток. Так назаўтра наш бацька і зрабіў. З той пары мы больш нічога не чулі пра Алёшку. Шкада, што ніякіх больш дакладных звестак пра яго больш не ведалі, так бы можа знайшлі б пасля вайны.
А астатніх трох салдат, успамінае Надзея Іванаўна, напаткаў трагічны лёс. У нядзелю свяціла яркае сонейка, яны спрабавалі прабрацца ў вёску, але немцы іх заўважылі. Застрачылі кулямёты, дваіх забілі адразу, а адзін застаўся паранены, яго потым прыкладамі дабілі.
Ніколі не забудзе Надзея Іванаўна і наступныя эпізоды з апаленага вайной дзяцінства. Неяк немцы пагналі за вёску, дзе шмат было глыбокіх варонак ад разарваных снарадаў, расстрэльваць палонных салдат. Пад рукі ім папаўся і мясцовы хлопец Ванька Гурын. На ім была апранутая не саматканая кашуля, як у ва ўсіх вясковых хлопцаў, а ваенная. “Баба Маня, кажуць людзі, там вашага Ваньку на расстрэл павялі”. Прыбегла яна да той ямы, лямантуе і раптам чуе голас сынаў: “Не плач, мама, я жывы”. Аказалася, як застрачыў кулямёт, ён першы ўпаў у варонку, а на яго ўжо астатнія падалі. Дапамаглі людзі потым яго з пад забітых цел выцягнуць, прынеслі раненага аднавяскоўца да хаты. Потым нямецкі доктар нават некаторы час перавязкі раненаму рабіў. Але доўга не пражыў ён пасля гэтага выпадку, цераз годзік памёр.
Небяспека падсцерагала людзей на кожным кроку. Каб схавацца ад абстрэлаў, многія рабілі недалёка ад сваіх дамоў акопы. Але здаралася, што і ў акопах часамі падсцерагала смерць. Надзея Іванаўна памятае, як двое маленькіх хлопчыкаў з іх вёскі страцілі сваіх бацькоў. Пачалася страляніна, і муж з жонкай разам са сваімі малымі дзецьмі пабеглі хавацца ў акоп. На жаль, менавіта ў тое месца акурат трапіў нямецкі снарад. Бацькі загінулі, а хлопчыкі засталіся жывымі, толькі ў аднаго крыху пальчыкі пашкодзіла ад выбуху. Забрала іх да сябе бабуля, і так жылі ўсе разам, пакуль тая не памерла. Потым аддалі дзяцей у інтэрнат.
… У 1950 годзе Надзея Пармонік выйшла замуж. Прозвішча мяняць не прыйшлося, бо муж яе Іван Іванавіч таксама быў Пармонікам і жыў у той самай вёсцы. Іван служыў у арміі ў Эстоніі. Прыехаў ён у водпуск у Рудаўляны, і вырашылі маладыя пажаніцца. Дарэчы, падчас праходжання тэрміновай службы Іван Пармонік атрымаў сваю будучую прафесію, даволі рэдкую, здавалася б на першы погляд, але вельмі неабходную – пекара. З гэтай прафесіяй ён прайшоў нямала па жыцці. Як вярнуўся дамоў, ужо першая дачка Валя нарадзілася. А ў той час многія з Рудаўлян ехалі працаваць, хто ў Ваўкавыск, хто ў Гродна. У абласны цэнтр пераехала і маладая сям’я Пармонікаў. Іван уладкаваўся на работу пекарам на хлебазавод. У Гродне нарадзіліся яшчэ дзве дачкі — Антаніна і Тамара. Але потым, калі даведаліся, што на станцыі Бераставіца адкрываецца свая хлебапякарня, вырашылі вярнуцца на малую радзіму. І Іван Пармонік пачаў працаваць у орсаўскай пякарні ад чыгункі. Потым у тым будынку была добра знаёмая многім чыгуначная сталовая і нарэшце – праваслаўная царква. Спачатку маладой сям’і выдзелілі невялікі пакой у бараку, а потым далі фінскі домік. Тут нарадзіўся яшчэ і сын Ігар.
Надзея Іванаўна працавала швачкай у мясцовым атэлье, шыла верхняе адзенне, касцюмы, паліто. Заказаў у той час было вельмі многа. Ды і ўвогуле станцыя Бераставіца, якую потым перайменавалі ў пасёлак Пагранічны, лічылася вельмі перспектыўным месцам. Аб’ёмы перавозак чыгуначным транспартам тады з кожным годам пашыраліся, работы хапала ўсім, і зарплаты былі добрыя.
Так здарылася, што з чыгункай звязалі потым сваё жыццё і многія члены сям’і Пармонікаў. Іван Іванавіч апошні час працаваў грузчыкам, Надзея Іванаўна – пуцейцам, тры дачкі таксама былі чыгуначніцамі, а старэйшая з іх Валянціна, нават узначальвала станцыю на працягу некалькіх гадоў.
— Малайцы чыгуначнікі, кажа на развітанне Надзея Іванаўна. – Кожны год з днём нараджэння павіншуюць і яшчэ матэрыяльна падтрымаюць.
А я падумаў, як гэта важна, калі людзі, перажыўшыя столькі за свой век, цяпер акружаны клопатам і ўвагай з боку родных і блізкіх, з боку грамадства.
Сяргей Хілюта, фота аўтара і з сямейнага алюбома



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *