Такая “салодкая” беларуская мова. Юныя чытачы Бераставіцкай раённай бібліятэкі адправіліся ў незвычайнае падарожжа

Лента новостей

У Сусветны дзень шакаладу, які адзначаўся 11 ліпеня, юныя чытачы філіяла “Дзіцячая бібліятэка” Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага адправіліся ў незвычайнае падарожжа пад назвай “Вясёлыя прыгоды ў шакаладным каралеўстве”.

Дзеці даведаліся пра ўнікальны для нашай краіны культурна-пазнавальны музей шакаладу, які знаходзіцца ў Віцебску, – расказвае загадчык філіяла Аксана Кумпель,  –  а таксама пра шакалад беларускай вытворчасці, які выпускаецца на кандытарскіх фабрыках “Камунарка” і “Спартак”. Хлопчыкі і дзяўчынкі нават пачаставаліся ім. Падчас сустрэчы юныя чытачы адказалі на пытанні бліц-віктарыны “Салодкія пытанні”, праспявалі песні і прыпеўкі пра шакалад, паўдзельнічалі ў конкурсах “Салодкія фантазіі”, “Шакаладныя інтэлектуалы”, “Літаратурная шакаладніца” і, галоўнае, прачыталі на беларускай мове казку Веры Астахновіч “Шакаладная дарога, альбо Гісторыя шакаладных плітак”, адкуль даведаліся як у хатніх умовах можна зрабіць гэтую любімую ўсімі салодкасць. Пазнаёміліся нашы госці і з навінкамі кніжнай выставы “Чытаем па-беларуску”, якая дзейнічае ў абанементнай зале і пастаянна абнаўляецца.

Дарэчы, прапаганда беларускай культуры, мовы і літаратуры для бібліятэк раёна – адна з галоўных задач. Сярод шматлікіх мерапрыемстваў у рамках Года малой радзімы, асобна можна выдзеліць тыя, што накіраваны на актывізацыю беларускамоўнасці сярод падрастаючага пакалення.

Напрыклад, у чацвер, 12 ліпеня, у філіяле “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” прайшоў адзіны дзень беларускай мовы і літаратуры пад назвай “Дала мне маці гэту мову”. Літаратурная імпрэза  ўключала гутарку-ўспамін, прысвечаную 135-годдзю з дня нараджэння аднаго з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра, дзе прагучала інфармацыя  пра асноўныя вехі жыцця і асаблівасці творчасці пісьменніка. Таксама вучні зачыталі ўрыўкі з некаторых твораў Янкі Маўра, а вучаніца 6 класа Дар’я Сіраш падрыхтавала паведамленне “Янка Маўр – “бацька” беларускай дзіцячай літаратуры”, у межах якога было здзейснена відэападарожжа па кнігах Янкі Маўра. Прайшоў  таксама і конкурс на лепшага знаўцу беларускай мовы, які прадэманстраваў актыўнасць і зацікаўленасць юных чытачоў у атрыманні ведаў пра беларускага пісьменніка і беларускую мову.

У філіяле «Канюхоўская інтэграваная сельская бібліятэка» адбыліся гучныя чытанні пад назвай «Голас роднай зямлі». Падчас мерапрыемства юныя наведвальнікі бібліятэкі паразважалі на тэму, за што яны любяць беларускую мову.

– За прыгажосць, за меладычнасць і за тое, што яна – родная, – такія адказы давалі дзеці.  

Завяршылася сустрэча ў бібліятэцы чытаннем уголас ўрыўка з кнігі Уладзіміра Ліпскага «Бераставіца – прыгажосці крыніца».

Святлана Ганчарова, фота аўтара і Бераставіцкай райбібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *