Свята ў гонар Дня незалежнасці адзначылі на Бераставіччыне з небывалым да гэтага размахам. Жыхароў пасёлка і яго шматлікіх гасцей у гэты дзень чакала сапраўднае відовішча з мноствам разнажанравых канцэртных нумароў, выстаў вырабаў народных умельцаў, майстар-класаў і атракцыёнаў, якія праходзілі на гасцінных падворках сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Ва ўрачыстай частцы галоўнага свята нашай краіны на адкрытай сцэне летняга амфітэатра адбылося ўшанаванне лепшых працаўнікоў Бераставіччыны – людзей, якія сваёй сумленнай працай унеслі значны ўклад у развіццё рэгіёна. У знак памяці і павагі ўсім загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны да мемарыяла Славы былі ўскладзены кветкі.
У Дзень Незалежнасці адбылася і такая значная падзея, як урачыстае адкрыццё абноўленага пасля сучаснага рамонту першага паверха райпаліклінікі.
Свята гуло па ўсяму гарпасёлку: шыкоўныя падворкі гаспадарак раёна размясціліся, пачынаючы ад плошчы і завяршаючы пляцоўкай каля ліцэя. Тут можна было паглядзець тэатралізаваныя фальклорныя абрады, паназіраць за работай мясцовых рамеснікаў і самому паспрабаваць, напрыклад, сесці за кросны ці сплесці кошык, стафатаграфавацца ў старадаўнім сялянскім інтэр’еры ці каля гаспадарчых прылад працы. Цікавасць і дарослых, і дзяцей выклікала сучасная сельскагаспадарчая тэхніка, якую таксама презентаваў кожны падворак. Дарэчы, розных фота-кропак было вельмі шмат, і жыхары пасёлка, асабліва дзеці, з задавальненнем іх выкарыстоўвалі.
Як ніколі шмат і на любы густ было прапанавана розных атракцыёнаў, забаў, майстар- класаў – ад старадаўніх танцаў і ганчарства да аквагрыму і экзатычнага мехендзі.
Можна было пакатацца на катамаранах і катэры па возеры і наведаць невялічкі заапарк.
Вельмі насычанай была канцэртная праграма. На кожным падворку – свая, адметная, з удзелам як зорак беларускай эстрады, абласных калектываў і выканаўцаў, так і мясцовых артыстаў і калектываў. На алекшыцкім падворку з віншавальнай праграмай выступіў саліст беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Алег Жалезнякоў. На малабераставіцкім – музычны тэатр “Рада”. На масалянскім падворку жартамі і песнямі шчыравалі Васіль і Гандзя, салісты народнага тэатра гульні “Анфас” з Квасоўкі. Тут жа адбылася дэманстрацыя нацыянальнага аддзення ад ўзорнага тэатра моды “Спадчына” з Ваўкавыска. Ваўкавыскія калектывы – ансамбль народнай песні “Уладары” і народны ансамбль песні і танца “Цвецень” – выступілі на падворку КСУП “Пагранічны-Агра” і аграфірмы “Стары Дворац”. Пародыі, цыркавыя нумары, сярэдневяковае шоу, дэгустацыі страў беларускай нацыянальнай кухні, дзіцячыя пляцоўкі – гэта далёка не поўны пералік таго, што было прапанавана бераставічанам падчас святочнай праграмы, сапраўдным упрыгожаннем якой сталі выступленні зоркі расійскай эстрады Таццяны Аўсіенка, а таксама зорак беларускай эстрады Ларысы Грыбалёвай і арт-групы “Беларусы”.