Сімвал Бераставіцы: «вавёрчына» манета

Из истории земли Берестовицкой Лента новостей

Вавёрка ў нумізматыцы—з’ява даволі рэдкая. Лічу, што нам, бераставічанам, пашанцавала мець сімвал свайго мястэчка на манеце. Не так даўно, у 2009 годзе, Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэнне два віды срэбных манет: “Вавёрка” і “Вавёркі”. На пярэднім баку—рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба РБ з наміналам пад ім 20 рублёў, на адваротным баку размешчана рэльефная выява вавёркі.
У нумізматыцы сучаснай Беларусі выява вавёркі на манеце—гэта ўпершыню! Выраб яе як раз трапіў на год святкавання ў Вялікай Бераставіцы выдатнага юбілею – 255 год з часу надання Магдэбургскага права мястэчку.
Трэба адзначыць цікавае супадзенне: чаканка беларускай манеты з вавёркай заказана ў Германіі (пра гэта сведчыць яе сертыфікат сапраўднасці). І сваё паходжанне бераставіцкая вавёрка таксама вядзе з Германіі, з далёкага сярэднявечча. Вядомы адтуль герб “Айхінгер” (з імклівай чырвонай вавёркай на залатым полі шчыта і сядзячай вавёркай у кароне паміж дзвюма трубамі) стаў прататыпам для бераставіцкага герба. Творца герба і ўладальнік мястэчка Ежы Аўгуст Мнішак (1715-1778), маршалак надворны каронны, памясціў у вобразе вавёркі сваю дачку Юзэфіну, якая таксама нарадзілася ў Германіі (Дрэздэн, 1752 г.). Так што было б вельмі добра, каб такая манета з’явілася і сярод экспанатаў будучага раённага краязнаўчага музея.
Беларуская манета з выявай вавёркі ў срэбным полі адчаканена якасцю “пруф” (рэльефны малюнак на гладкім полі). Замест вачэй вавёркі зроблена ўстаўка—пунсовы крышталь фірмы “Swarovski Elements”. Тыраж манеты да 5000 экземпляраў. Адзін з іх ужо з’явіўся ў Вялікай Бераставіцы (на здымку). Уладальнік яе пажадаў застацца невядомым. Але хочацца верыць, што ў Вялікай Бераставіцы знойдуцца людзі, улюбёныя ў гісторыю свайго мястэчка, якія пажадаюць набыць манету, у нейкім сэнсе сімвалічную для нашага пасёлка.
Між іншым, сімвал нашага пасёлка—вавёрка—у геральдыцы мае прыгожае, адметнае тлумачэнне. Як і гарнастай, вавёрка сімвалізуе гонар, вартасць і высакароднасць. Футрам вавёркі атачалі сваё адзенне магістры і вышэйшая знаць. Узор тканіны, стылізаваны пад футра вавёркі, нагадваў чаргаванне званочкаў срэбнага і сіняга колераў. Насіць такі малюнак званочкаў на адзенні мелі магчымасць толькі прадстаўнікі шляхецкага роду. У наш час вавёрчын узор амаль не сустракаецца. Таму з’яўленне манеты з вавёркай ёсць добры знак для калекцыянераў і музеяў Бераставіччыны.
Андрэй Втарушын, выкладчык гісторыі мастацтваў Бераставіцкай ДШМ
Ад рэдакцыі. Як нам паведамілі ў ЦБП №401 ААТ “ААБ Беларусбанк”, памятныя манеты з выявай вавёркі можна заказаць у Гродзенскім аблупраўленні Нацыянальнага банка РБ. Пры іх наяўнасці, манеты будуць дастаўлены ў райцэнтр.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *