Сёння зробіш – заўтра як знойдзеш

Лента новостей

Адклад не ідзе ў лад–гэта вельмі добра разумеюць аграрыі раёна, таму спяшаюцца ўсё рабіць своечасова.  Вясеннія палявыя работы вядуцца ў добрым тэмпе.  У СВК “Цецяроўка” сяўбу ранніх збожжавых  правялі ў аптымальны тэрмін, а адведзена пад гэтыя культуры было 1200 гектараў.  Столькі ж адвялі пад кукурузу, а пад цукровыя буракі —  300, пад бульбу —  50.
У СВК “Цецяроўка” галоўны аграном Віктар Белабокі (на здымку ўнізе) – па ўзросту малады чалавек.  Яшчэ зусім нядаўна ён вучыўся ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе. Пасля заканчэння Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа прыехаў у СВК “Цецяроўка”.   Пачынаў у гэтай гаспадарцы брыгадзірам, быў загадчыкам участка, аграномам.  Зараз на ім ляжыць вялікая адказнасць – ён галоўны аграном. Менавіта ад яго ведаў, старання, жадання ўсё зрабіць як мага лепш, а таксама строгага захавання сучасных тэхналогій і ўмення павесці за сабой людзей і залежыць будучы ўраджай. І гэта як нідзе патрэбна ў гэтай гаспадарцы, таму што глеба тут не вельмі ўдалая, пяскі. Віктар вучыцца завочна ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце і гаворыць, што ў параўнанні з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй там вельмі ўдасканаліў свае веды, даведаўся шмат новага, што можна з поспехам прымяняць на практыцы.
Механізатары – “моцнае звяно” ў кожным сельгаскааператыве. Калі я прыехала ў гаспадарку, Міхаіл Карач (на здымку ўверсе) рыхтаваў глебу пад цукровыя буракі. Стаж яго работы  “пачаў  свой адлік”  у 1993 годзе, а сам ён чалавек мясцовы, з вёскі Кватары, працуе на роднай зямлі. Даверылі адказнаму работніку трактар “Джон Дзір”.
Механізатар Іван Альцывановіч таксама родам з гэтых маляўнічых мясцін і працуе ў гаспадарцы ўжо 14 гадоў.  За гэты час заслужыў добрую рэпутацыю ў калектыве. Зараз садзіць бульбу. Гатункі  тут выбралі перспектыўныя – “Скарб”, “Журавінка”,  “Блакіт”.
А механізатар Уладзімір Рагун  прыехаў аж з Сібіры!  Дзяцінства і юнацтва яго  прайшлі  ў Томскай вобласці. У Беларусі чалавеку вельмі спадабалася. У гаспадарцы  адразу далі камфортнае жыллё – толькі працуй добрасумленна. Механізатар расказвае, што на яго радзіме зараз інакш, чым у гады Савецкага Саюза.  Зямля пераважна трапіла ў прыватныя рукі.  Ды і жыллё “дарма” нікому не даецца. А ў нас – па працы і пашана. Добра працуеш – заслужыш самую шчырую павагу. Уладзімір шчыраваў на сяўбе ранніх збожжавых, зараз рыхтуе глебу пад кукурузу.
У гаспадарцы стараюцца, каб іх агульная зладжаная праца прынесла добрыя вынікі.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *