18 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень міру — дзень, які прызваны звярнуць асаблівую ўвагу грамадскасці на праблему захавання міру і спакою ва ўсім свеце. 21 верасня аб гэтай праблеме будуць успамінаць і іншыя краіны – у Міжнародны дзень міру, які абвешчаны Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый як дзень адмовы ад гвалту і спынення агню ва ўсім свеце.
Мір – адна з важнейшых каштоўнасцей для любога чалавека. І імкненне жыць у міры і спакоі — агульнае для ўсіх людзей на планеце, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, месца пражывання, узросту і сацыяльнага становішча. І тым не менш, у сённяшнім свеце ёсць нямала краін, дзе успыхваюць лакальныя канфлікты, гінуць людзі, парушаецца мірнае і спакойнае жыццё.
Беларусі ў гэтым сэнсе пашанцавала: для нас мір – гэта штодзённая рэальнасць, на нашых вуліцах спакойна, дзеці маюць магчымасць вучыцца, а дарослыя – працаваць. Але мы і сёння памятаем, якой цаной здабыта гэта мірнае і спакойнае жыццё.
Тым больш, што мір — гэта не проста адсутнасць вайны. Ён павінен быць не толькі на ўсёй зямлі, але і ў кожным доме, у кожнай сям’і, у кожнай чалавечай душы. Таму справа кожнага з нас – клапаціцца пра захаванне міру, праяўляць міласэрнасць, спачуванне, дапамагаць тым, хто апынуўся ў бядзе. Кожны з нас мае магчымасць унесці свой уклад у захаванне міру на зямлі праз падтрымку тых, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, патрабуе ўвагі і клопату. Нават праз такія “маленькія” на першы погляд справы адбываюцца змены ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, якія спрыяюць мірнаму і спакойнаму суіснаванню. Далучыцца да спраў дабрачыннасці можна праз удзел у праграмах Беларускага фонду міру, які на практыцы ўвасабляе ў жыццё ідэі гуманізму, міласэрнасці і спагады.
— Бераставіцкая раённая арганізацыя Беларускага фонду міру на працягу сваёй дзейнасці таксама прапагандуе гэтыя ідэі, займаючы актыўную пазіцыю ў грамадскім жыцці раёна, — гаворыць старшыня праўлення Валянцін Арцюхевіч. – Дзякуючы прыцягненню спонсарскай дапамогі i добраахвотных ахвяраванняў, арганізацыя праяўляе пасільны клопат і аказвае матэрыяльную падтрымку інвалідам, ветэранам вайны і працы, дзецям-сіротам, цяжка хворым людзям, падтрымлівае адораных дзяцей і маладыя таленты.
Валянцін Аляксеевіч адзначае, што сабраныя грашовыя сродкі не залежваюцца на рахунку Фонду, а адразу накіроўваюцца на дабрачынныя мэты. Раённая арганізацыя Беларускага фонду міру прымае пастаянны ўдзел у гуманітарных акцыях і мерапрыемствах, якія праводзяцца ў нашым раёне. Гэта такія дабрачынныя акцыі, як «Збяром дзяцей у школу», «Нашы дзеці»; «Пад ветразем Надзеі і Міласэрнасці», штогадовыя акцыі ў падтрымку ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, мерапрыемствы, прысвечаныя Дню абароны дзяцей, Дню інвалідаў, Дню маці, арганізацыя раённай навагодняй ёлкі для дзяцей розных катэгорый.
Члены раённай арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел у палітычным жыцці раёна, уваходзілі ў склад участковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28 склікання, працуюць у складзе раённых інфармацыйна- прапагандысцкіх груп.
— Цеснае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне са структурнымі падраздзяленнямі раённага выканаўчага камітэта, установамі аховы здароўя і адукацыі, прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў дазваляе своечасова адрэагаваць на тую ці іншую праблему, якая хвалюе насельніцтва раёна, аказаць матэрыяльную дапамогу людзям, якія маюць у гэтым патрэбу, — працягвае Валянцін Аляксеевіч. — Дзякуючы добраахвотным ахвяраванням грамадзян, спонсарскай дапамозе працоўных калектываў аказваецца матэрыяльная дапамога і падтрымка адораным і таленавітым дзецям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, грамадзянам, якія пацярпелі ад надзвычайных сітуацый. Таксама мы дапамагалі набыць дарагія лекі дзецям-інвалідам, адзенне, абутак і школьныя рэчы дзецям, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы, якія засталіся без апекі бацькоў, з малазабяспечаных сем’яў.
Накіроўваліся сродкі для арганізацыі значных раённых мерапрыемстваў: раённага конкурсу «Шматдзетная сям’я года», серыі інтэлектуальных гульняў для аматарскіх каманд і каманд арганізацый Бераставіччыны, фестывалю КВЗ «Кубак гумару». Пры падтрымцы аддзела адукацыі райвыканкама праведзены раённы этап рэспубліканскага паэтычнага конкурсу «Шчасце — жыць у мірнай краіне».
Юныя таленты нашага раёна не застаюцца па-за ўвагай абласнога аддзялення Фонду. На працягу многіх гадоў аддзяленнем два разы на год прысуджаюцца стыпендыі навучэнцам школ. Упершыню ў гэтым годзе ўрачыстыя цырымоніі ўручэння стыпендый праходзілі ў новым фармаце. Раман Фартэль, вучань Алекшыцкай СШ, і Павел Буры, вучань Канюхоўскага ясляў-сада — СШ, у студзені атрымалі стыпендыі ў Гродзенскім абласным тэатры лялек. А Серафім Гмір і Раман Пыжыў, вучні Алекшыцкай СШ, — у маі ў сценах старадаўняга Мірскага замка.
Старшыня праўлення падзякаваў усім, хто супрацоўнічае з Беларускім фондам міру і прымае ўдзел у зборы грашовых сродкаў, якія накіроўваюцца на аказанне дапамогі тым, хто мае патрэбу ў клопаце і падтрымцы, а таксама на ўмацаванне міру і згоды ў грамадстве, пажадаў усім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
Ірына МІКЛАШ