Хутка абудзіцца зямля ад працяглага сну і будзе гатова прыняць спорнае зерне для новага ўраджаю.
У СВК імя Варанецкага загадзя паклапаціліся пра гатоўнасць тэхнікі. Галоўны інжынер Юзэф Гардзей пачынаў свой працоўны шлях у гэтай гаспадарцы ў 1999 годзе інжынерам па ахове працы. З той пары тут многае змянілася, значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база сельгаскааператыва, узрасла культура вытворчасці. У гэтай гаспадарцы 45 трактароў, з іх тры энерганасычаныя – Беларус-3022, Беларус-3522, Джон Дзір. Пасяўныя агрэгаты тут таксама сучасныя і эфектыўныя – два імпартных “Лемкен” і адзін “Гаспарда”, а таксама айчынны АППМ-6. Пра запчасткі ў сельгаскааператыве паклапаціліся загадзя. Іх своечасова закупілі, так што часу на якасны рамонт сельгастэхнікі хапіла.
З цеплынёй выказваецца галоўны інжынер пра механізатараў, якія берагуць тэхніку і добра яе рамантуюць, каб не падводзіла ў гарачую пару. Гэта па-сапраўднаму “моцнае звяно” гаспадаркі. Механізатары Андрэй Іядкоўскі, Іван Кулікоўскі, слесар Мікалай Гарбацюк і іншыя працаўнікі добра валодаюць прафесійным майстэрствам, стараюцца ўсё зрабіць, як мага лепш. Загадчык гаража Юрый Грышкевіч уносіць свой уклад у важную справу. У полі яго зроку спраўнасць машын, загрузчыкаў насення. Кожны чалавек на сваім месцы стараецца ўмацаваць дабрабыт гаспадаркі. Сяўбу трэба будзе правесці ў аптымальны тэрмін.
У СВК імя Варанецкага вялікая ўвага надаецца ахове працы. Хлеб павінен быць залацістага колеру, а сяўба і жніво павінны нічым не азмрочвацца. Жыццё чалавека і яго здароўе застаецца найвялікшай каштоўнасцю. У гаспадарцы праводзяцца інструктажы, растлумачальная работа.
Пройдзе зусім мала часу, і тэхніка выйдзе ў поле. Шчодрага вам новага ўраджаю, шаноўныя землякі!
Ніна Наддэ, фота аўтара