Сямён Іванавіч Шурба рос разам з раёнам

Лента новостей

Shurba jung Shurba old– Цікавыя матэрыялы друкуе апошнім часам раённая газета пад рубрыкай “Да 70-годдзя ўтварэння Бераставіцкага раёна”, — заўважыў пры сустрэчы мой даўні знаёмы, жыхар гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца Сямён Іванавіч Шурба. Яму давялося быць не толькі сведкам тагачасных далёкіх падзей, але ён і сам актыўна ўдзельнічаў у будаўніцтве новага жыцця. Думаю, цікава будзе даведацца і нашым чытачам аб тым, што расказаў мне Сямён Іванавіч:
— У 1949 годзе я скончыў 7 класаў, – успамінае мой су­размоўца, – і ўладкаваўся на працу памочнікам лабаранта ў нарыхтоўчую арганізацыю “Заготзерно”, якая размяшчалася ў старым касцёле ў Вялікай Бераставіцы. – У маі абавязкі ўваходзіла адбіраць зерне, якое прывозілі сюды ў асноўным прыватнікі, бо калгасы ў той час яшчэ толькі ствараліся. Загадчыкам склада працаваў тут, памятаю, Аляксандр Мелянец з вёскі Плюскалаўцы. Дарэчы, каля будынку касцёла ў пасляваенны час быў арганізаваны летні кінатэатр. Касцёл акружала тады даволі высокая мураваная агароджа, а справа ад уваходу ў будынак, побач з агаро­джай, рос дуб – менавіта ў гэтым месцы і быў кінатэатр. Экран для дэманстрацыі кінафільмаў вешалі на сцяну. Вядома, што дзеці не маглі адмовіцца ад такой спакусы, каб не пералезці праз агароджу ў другім месцы і пагля­дзець кіно не купляючы білет.
— А ў наступным годзе, — працягвае свой аповед Сямён Іванавіч, — я ўжо працаваў у час летніх канікул на прыёмцы збожжа на станцыі Бераставіца (цяпер Пагранічны). Тут пабудавалі новае сховішча. Склады “Заготзерна” на той час былі таксама ў вёсках Кавалікі, Кавалі, Масаляны. Цяпер, праўда, я быў не памочнікам лабаранта, а касірам: выплачваў грошы людзям, якія прывозілі здаваць збожжа.
Адразу пасля вызвалення раёна, як сведчаць дакументы, мясцовай уладай актыўна прымаліся меры па адраджэнні разбуранай падчас вайны гаспадаркі. У снежні 1944 года для больш эфектыўнага кіраўніцтва мясцовай прамысловасцю і хутчэйшага яе аднаўлення быў створаны раённы прамысловы камбінат. У яго структуру ўвайшлі ўсе млыны, швейныя, абутковыя, сталярныя, калёсныя, слясарныя майстэрні. А ў снежні 1945 года, заслухаўшы справаздачу дырэктара райпрамкамбіната, райвыканкам паставіў перад ім задачу завяршыць работы па аднаўленні электрастанцыі ў райцэнтры (у тым месцы, дзе цяпер магазін па продажы будматэрыялаў ІП Зэшута – заўвага аўт.), арганізаваць цэх па выпуску чарапіцы і цэх па выпрацоўцы крэменю для вырабу жорнавых камянёў для млыноў. У Івашкаўцах прамкамбінат меў свой лесапільны і сталярны цэх. Тут нават шафы спрабавалі вырабляць.
У пачатку 50-х гадоў, па ўспамінах Сямёна Іванавіча, у Вялікай Бераставіцы была створана арцель “Красная Звезда”. Дырэктарам яе назначылі Казакевіча. У арцелі наладзілі выпуск ліманаду і быў тут нават невялікі цэх па выпуску кансерваванага хрэну. Гандлёвыя арганізацыі вельмі ахвотна закуплялі гэты тавар. А сыравіну пастаўлялі ў асноўным школьнікі: для іх гэта таксама быў хоць і невялікі, але ўсё ж заробак. Асаблівай стараннасцю адрозніваліся масалянскія школьнікі. Бывала, за выхадныя цэлую машыну хрэну накопвалі.
А з 1954 года Сямён Шурба сам меў непасрэднае дачыненне да рэалізацыі грандыёзных планаў, якія намячала партыйнае і савецкае кіраўніцтва. Яго назначылі інструктарам райкама камсамола па зоне МТС, якая знаходзілася ў Малой Бераставіцы. Праз некаторы час ён стаў загадчыкам арганізацыйнага аддзела, потым другім сакратаром, а ў 1958-59 гадах узначальваў раённую камсамольскую арганізацыю, быў удзельнікам VI Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве. Потым службовая лесвіца “прывяла” яго ў інструктары райкама партыі, і ў 1961 годзе Сямён Іванавіч стаў загадчыкам раённага аддзела культуры. Пасля аб’яднання Бераставіцкага раёна са Свіслацкім яму давялося працаваць ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі Свіслацкага райвыканкама, быць намеснікам старшыні калгаса.
У канцы 1967 года, ужо ў зноў арганізаваным Бераставіцкім раёне, Сямёну іванавічу даручылі кіраваць раённым камбінатам бытавога абслугоўвання, які на той час займаў адно з апошніх месцаў у вобласці. І ўжо па выніках першага квартала наступнага года калектыву камбіната быў уручаны пераходны Чырвоны сцяг абкама партыі і аблвыканкама за прырост бытавых паслуг. У наступным квартале быткамбінат “засвяціўся” на рэспубліканскім узроўні.
— Адных толькі шаўцоў было ў свой час у нас 28 чалавек, — заўважае мой суразмоўца. — Яны не толькі рамонтам займаліся, многія людзі заказвалі новы абутак. А колькі швейнікаў працавала! Заказы нават на паўгода наперад прымалі.
У 1970 годзе быў пабудаваны новы быткамбінат, і яшчэ на працягу чатырох гадоў Сямён Іванавіч узначальваў тут калектыў. А з пачатку 1975 года, на працягу 27 гадоў, ён працаваў у цяперашняй ААТ “Бераставіцкая ПМК-141”, якая ў свой час называлася па-рознаму, і сакратаром партыйнай арганізацыі, і выконваючым абавязкі начальніка, і намеснікам начальніка.
На 11 гадоў старэйшы Сямён Іванавіч за наш раён, таму ўсё, што маем мы сёння, адбывалася на яго вачах і многае, пры яго непасрэдным удзеле.

У пачатку студзеня 1961 года ў Мінску групе партыйных і камсамольскіх работнікаў і народных дружыннікаў ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны медалі “За отличие в охране государственной границы СССР”. Сярод узнагароджаных – інструктар Бераставіцкага райкама партыі Сямён Іванавіч Шурба. На здымку: начальнік палітаддзела Заходняй пагранічнай акругі палкоўнік І.Панамарэнка ўручае медаль С.І.Шурбе.

Сяргей Хілюта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *