“Сям’я трымаецца на любові”

Лента новостей Общество

15 мая многія краіны свету, у тым ліку і Беларусь, адзначаюць Дзень сям’і. Гэта адно з самых светлых свят, якое мае дачыненне да кожнага з нас. Бо менавіта з сям’і пачынаецца жыццё чалавека, тут ён развіваецца фізічна і духоўна, вучыцца спасцігаць асновы чалавечых зносін, фарміраваць маральныя каштоўнасці і захоўваць памяць пакаленняў.   Сям’я — гэта дом, гэта месца, дзе ўтульна і спакойна, дзе цябе любяць, заўсёды зразумеюць і падтрымаюць, дапамогуць вырашыць праблемы і шчыра падзеляць радасць.

Вольга і Віталь Ігнатовічы з Вялікай Бераставіцы стварылі сваю сям’ю дзесяць гадоў таму. Цяпер у іх падрастаюць дзве дачушкі – 9-гадовая Алеся і  на два гады малодшая Вераніка. Віталь Ігнатовіч узначальвае адасобленую групу Бераставіцкага раёна ваеннага камісарыята Ваўкавыскага, Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў, а Вольга працуе загадчыкам магазіна “Беламаркет DUTY FREE” у пункце пропуска на граніцы.

— Для кожнага ваеннага важна мець надзейны тыл, — гаворыць Віталь, — і мая сям’я – гэта сапраўды той тыл, які дапамагае мне не толькі служыць, але і напаўняе кожны дзень радасцю і шчасцем, бо я ведаю, што дома мяне заўсёды любяць і чакаюць мае любімыя дзяўчаты.

— А мне з дзяцінства гаварылі, што сям’я – гэта падмурак усяго, — дапаўняе Вольга. – Калі закладзецца моцны і трывалы падмурак, то і мы самі будзем шчаслівымі,  і дзеці   вырастуць годнымі людзьмі. Таму мы штодзённа працуем над тым, каб у нашай сям’і панавала любоў, павага, цярпенне і ўзаемаразуменне.

Першае знаёмства будучых мужа і жонкі адбылося, калі Оля закончыла 10 клас, а Віталь – першы курс Гродзенскага ўніверсітэта.

— Адразу, як пазнаёміліся, у мяне ўзнікла думка: “Вось бы мне такую дзяўчыну!” – прызнаецца Віталь Мар’янавіч. – Але на гэтай сустрэчы наша знаёмства тады і закончылася.

— Потым мы праз тры гады сустрэліся на возеры ў Луцкаўлянах, — працягвае Вольга. –  Мы з сяброўкай толькі прыехалі, а  Віталік   збіраўся ўжо назад і прапанаваў падвесці мяне дадому. І я адразу згадзілася, нягледзячы на тое, што толькі прыехала. Але і пасля гэтай сустрэчы мы зноў на нейкі час страцілі кантакты адзін з адным, праўда, адчуванне, што трэба было працягваць знаёмства ў мяне было заўсёды.

Праз год, калі Віталь  працаваў настаўнікам у Вялікабераставіцкай сярэдняй школе, Вольга прыйшла туды, каб аддаць кнігу агульнаму знаёмаму, які таксама  працаваў у школе.

— Вось тут я ўжо пачаў дзейнічаць рашуча, прапанаваў сустрэцца на наступны дзень і ўзяў нумар тэлефона, — усміхаецца Віталь.

— Я помню, што на нашым першым спатканні мы гулялі па парку, — расказвае Вольга, — адразу ўзніклі агульныя тэмы, мы размаўлялі пра беларускую мову, літаратуру і нават спявалі песні:  я —  “Купалінку”, а Віталь – “А дзе ж тыя ваяры”. І я адразу адчула,  што гэта той чалавек, з якім хацела б звязаць сваё жыццё.

— І ў мяне было такое ж адчуванне, — падтрымлівае Віталь. — Сёння я шкадую аб тым, што мы страцілі столькі часу, які маглі б правесці разам, калі б пачалі сустракацца адразу  тады, калі пазнаёміліся.

Праз месяц Віталь  збіраўся ў госці да сваіх сваякоў у Польшчу і запрасіў Вольгу паехаць разам. Там, у Польшчы, ля невялікай прыгожай каплічкі ён і зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца.  Праз год маладыя згулялі вяселле,  і ўжо  дзесяць гадоў шчасліва крочаць разам па жыцці, радуючыся падрастаючым дачушкам.

— Дзеці вельмі хутка растуць, а так хочацца захаваць у памяці ўсе шчаслівыя моманты, праведзеныя разам з імі, — адзначае Вольга. —  Мы любім падарожнічаць і дзяцей заўсёды бяром з сабой,   куды б ні паехалі.   У Беларусі мы пабывалі ў многіх гістарычных месцах, дзеці любяць глядзець замкі, руіны, храмы, часта самі прапаноўваюць: “Паехалі глядзець “развалінкі”.  А тата у час паездак заўсёды цікава расказвае пра месцы, якія мы наведваем, ён цікавіцца гісторыяй і шмат чаго ведае.

А яшчэ сям’я Ігнатовічаў вельмі творчая, кожны мае сваё захапленне: Вольга цудоўна спявае і вышывае, Віталь піша вершы, дзеці любяць маляваць, займаюцца аплікацыяй і арыгамі. На дзясятую гадавіну вяселля Віталь напісаў для жонкі песню, якую яе брат Сяргей паклаў на музыку, а Вольга вышыла ў падарунак мужу прыгожую карціну.

— На вяселлі мая цёця сказала ў пажаданні такія словы: “Навучыцеся адно аднаго не толькі слухаць, але і чуць”,  — успамінае Вольга. — Усе астатнія пажаданні забыліся, а вось гэтыя словы помню і цяпер, бо глыбока прыняла іх у сэрца.   Упэўнена, што ў сям’і трэба заўсёды   размаўляць і разам абмяркоўваць усе праблемы. З самага пачатку ўсе рашэнні мы прымаем разам, нават у дробязях раімся адзін з другім, заўсёды прытрымліваемся адназначнага падыходу ў выхаванні дзяцей. Вельмі хочацца, каб нашы дзяўчынкі выраслі добрымі, разумнымі, усебакова развітымі і мэтанакіраванымі людзьмі.

На развітанне прашу ў Вольгі і Віталя яшчэ некалькі парад для шчаслівага сямейнага жыцця.

— Каб мы маглі даваць нейкія парады, зайдзіце да нас гадоў праз дваццаць, — жартуе Віталь, — пакуль што ў нас яшчэ невялікі сямейны стаж . А калі сур’ёзна, то, напэўна, няма такіх парадаў, якія былі б універсальнымі для ўсіх. Галоўнае, я лічу, – узаемная  любоў,  бо на ёй усё трымаецца ў сям’і і дзеці растуць шчаслівымі.  Заўсёды трэба быць разам, падтрымліваць адзін аднаго, якія б сітуацыі не складваліся б. Бо сям’я для таго і ствараецца, каб чалавек меў падтрымку і надзейную апору на ўсё жыццё, каб дзяліўся сваёй любоўю з блізкімі і абавязкова атрымліваў яе ў адказ.

Ірына МІКЛАШ, фота з архіва сям’і Ігнатовіч

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *