Вуліца, якая называецца ў гонар генерала Івана Пракоф’евіча Міхайліна, самая сонечная, шумлівая, гаманлівая… Таму што тут размяшчаецца школа. А недалёка, каля помніка Смуткуючай маці, у брацкай магіле пахаваны І.П. Міхайлін.
Нарадзіўся Іван Міхайлін у 1882 годзе ў Тульскай губерніі ў сялянскай сям’і. Пераехаў у Маскву, некаторы час працаваў на адным з маскоўскіх заводаў, дзе прайшоў сапраўдную “пралетарскую закалку”. Менавіта гэтая закалка і паўплывала на яго далейшы жыццёвы шлях.
У верасні 1915 года Івана Пракоф’евіча мабілізавалі ў Расійскую армію. Ён прымаў удзел у баях з немцамі на Віцебшчыне. Неаднаразова праяўляў гераізм і вынаходлівасць, узнагароджаны двума Георгіеўскімі крыжамі, камандаваў узводам у званні старшага ўнтэр-афіцэра. У 1918 годзе ўступіў дабраахвотнікам у Чырвоную Армію, служыў камандзірам роты, а потым – намеснікам камандзіра палка, а ў 1920-1924 гадах – камандзірам брыгады.
У нашым музеі ёсць копія характарыстыкі таго часу (на мове дакумента): “Дисциплинированный и требует этого же от подчиненных . Образованный и политически грамотный, имеет склонности к командной работе. Принимает участие в военно-научной работе. Пользуется авторитетом как среди красноармейцев, так и среди командиров».
У 1965 годзе ў Маскве выйшла кніга ўспамінаў вядомага савецкага ваеначальніка генерала Івана Васільевіча Болдзіна. Ен піша: “Впервые мы познакомились с И.П. Михайлиным в 1928 году. Он сразу же привлек внимание своими незаурядными военными знаниями, ярким умом, большой эрудицией. Это был замечательный человек, способный командир, чуткий товарищ. Всех знакомых он поражал своим неиссякаемым оптимизмом и жизнерадостностью…”.
Пасля заканчэння ў 1932 годзе ваеннай Акадэміі імя Фрунзе Іван Міхайлін камандаваў дывізіяй, корпусам, быў начальнікам інжынернага Упраўлення Чырвонай Арміі, працаваў выкладчыкам Акадэміі Генеральнага штаба Чырвонай Арміі.
У студзені 1941 года, па рэкамендацыі Народнага Камісара абароны СССР Клімента Варашылава і Начальніка Генеральнага штаба Георгія Жукава, Міхайлін быў назначаны намеснікам камандуючага Заходняй (Беларускай) ваеннай акругі па будаўніцтву абарончых умацаванняў. Асаблівую ўвагу ён, разам з генералам Дзмітрыем Карбышавым, надаваў умацаванню Беластоцкага выступа. Тут будаваліся аэрадромы ( у тым ліку і каля Кватараў), фарты, бетонныя “доты” і “дзоты”.
Але 22 чэрвеня 1941 года пачалася вайна, якая парушыла ўсе планы. Генерал Міхайлін загінуў у першыя дні вайны і быў пахаваны каля Макараўцаў. У 1975 годзе ён быў перазахаваны ў Бераставіцы з усімі воінскімі ўшанаваннямі і ў прысутнасці шматлікіх нашых землякоў. На гэтай жалобнай цырымоніі прысутнічаў і старэйшы сын генерала палкоўнік Анатолій Іванавіч Міхайлін, які пасля неаднаразова бываў у Бераставіцы і перадаў нашаму музею каштоўныя дакументы аб сваім бацьку.
А вось малодшы сын Іосіф, таксама ваенны, са сваім сынам Георгам упершыню былі ў Бераставіцы. Яны наведалі наш музей, сустрэліся з яго супрацоўнікамі. У нас адбылася сардэчная гутарка, у якой прымалі ўдзел былы ваенком раёна Алег Далінін, дарэчы, ён прымаў удзел у арганізацыі перазахавання, намеснік начальніка адзела ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі Алена Хоміч, завуч мясцовай школы Алена Ганчарэвіч.
Гасцям з Масквы былі уручаны кніга “Памяць” Бераставіцкага раёна і іншыя сувеніры.
Напрыканцы госці сустрэліся з валанцёрамі школы – членамі БРСМ і ўсклалі кветкі на магілу генерала і да помніка “Смуткуючай маці”.
Мікалай Пацэнка, навуковы супрацоўнік музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы
Фота Юліі Прэдко