Герб і сцяг лічацца ва ўсіх краінах вышэйшымі сімваламі народа, шануюцца гэтак жа, як роднае слова, родны дом, родная культура і звычаі і ўвасабляюць для кожнага грамадзяніна Радзіму. Сёння тэма дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь, асабліва колер сцяга, як ніколі актуальная. Яна выклікае ў грамадстве спрэчкі і ўзнікненне рознага роду фальсіфікацый і псеўдагісторый.
Пазначыць дакладныя часовыя межы паходжання беларускага сцяга так жа цяжка, як прасачыць у гісторыі пераемнасць тэрміна “Беларусь”. Тэрыторыі, якія складаюць сучасную дзяржаву Рэспубліку Беларусь, у розныя часы ўваходзілі ў склад некалькіх дзяржаў і ўладанняў, таму і сімволіка ўжывалася тут рознага паходжання. Ні адна з існуючых легенд не дае выразнага гістарычнага абгрунтавання бела-чырвона-белай сімволікі. Яна звязана з перыядам, калі Белая Русь уваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага. Існуе версія пра паходжанне сімволікі ад герба Котвіч, фамільнага больш чым для 70 шляхетных родаў ВКЛ. Шчыт герба падзелены на тры палоскі: пасярэдзіне чырвоная, а знізу і ўверсе белая. Як піша аглядальнік «СБ. Беларусь сегодня» Максім Осіпаў, абапіраючыся на гістарычныя дакументы, можна сцвярджаць: да рэвалюцыі 1917 года бела-чырвона-белы колер як элемент нацыянальнай сімволікі адсутнічаў. Дакладна ўстаноўлена і прызнана гістарычнай навукай, што аўтарам бела-чырвона-белага сцяга з’яўляецца архітэктар і грамадскі дзеяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Як вынікае з артыкула ў «СБ», у датаваных 31 жніўня 1934 года ўспамінах Клаўдзій Дуж-Душэўскі запісаў: «Цікава адзначыць, што беларусы лічылі сваім дзяржаўным сцягам такі ж сцяг, як і літоўцы, г.зн. белы коннік на чырвоным фоне, але нацыянальнага сцяга тады яшчэ (да рэвалюцыі) не было, і мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга, адзін з якіх быў прыняты, а менавіта белая, чырвоная і белая палосы».
Бела-чырвона-белы сцяг стаў афіцыйным, калі ў сакавіку 1918 года пад кантролем германскай ваеннай адміністрацыі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Афіцыйна сцяг праіснаваў год. Неафіцыйна выкарыстоўваўся да 1944 года, у тым ліку нацыянальнымі дывізіямі СС, з-за чаго стаўленне да гэтага гістарычнага сімвалу ў сучаснай Беларусі склалася негатыўнае.
Як адзначае ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» былы дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, а цяпер рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч, бела-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся беларускімі калабарацыяністамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і тымі людзьмі, якія супрацоўнічалі з акупацыйнымі нацысцкімі ўладамі, разлічваючы, што, можа быць, нейкім чынам атрымаецца стварыць нейкую дзяржаву. Але мы ж ведаем, якую палітыку праводзіла Германія на акупаваных тэрыторыях: размова не ішла ні пра якую дзяржаву, 75 працэнтаў насельніцтва Беларусі падлягала знішчэнню або высяленню, а 25 працэнтаў павінны былі быць анямечаны. У гады Вялікай Айчыннай вайны гэты сцяг быў супрацьстаяннем з Савецкім Саюзам, савецкімі партызанамі, якія вялі барацьбу з акупантамі і дзякуючы подзвігу якіх мы сёння жывем у незалежнай Беларусі. Калі б не было той перамогі, не было б ні БССР, ні Рэспублікі Беларусь.
Як піша Аляксандр Север у сваёй кнізе «Лаўрэнцій Берыя. Пра што маўчала Саўінфармбюро», падчас нямецкай акупацыі ў Мінскім, Слуцкім і шэрагу іншых акругах пад патранажам СС пачала фармавацца так званая «Беларуская краёвая абарона» – адзін са шматлікіх “нацыянальных легіёнаў”, якія ствараліся гэтай фашысцкай арганізацыяй практычна на ўсіх захопленых тэрыторыях і дзейнічалі пад бела-чырвона-белым сцягам. Па сцвярджэнні Аляксандра Насовіча, аўтара выдання «Чаму Беларусь не Прыбалтыка», катаванні і пакаранні смерцю партызан, забойствы яўрэяў, спаленне вёсак і іншыя зверствы былі здзейснены таксама пад бела-чырвона-белым сцягам членамі іншага злучэння – “Беларускага корпуса самаабароны”, створанага для барацьбы з партызанскім рухам, якое курыравала акупацыйная паліцыя БНС (Беларуская народная самадапамога).
У 1922 годзе Беларусь увайшла ў склад СССР, адпаведна, і сцяг памяняўся на чырвоны. Пад гэтым сцягам у гады Вялікай Айчыннай вайны нашы дзяды і прадзеды пралівалі кроў за мір і свабоду ад нямецкіх акупантаў. Пад гэтым сцягам краіна перамагла ў страшнай вайне, народ перажыў пасляваеннае ліхалецце, падымаючы Беларусь з руінаў. І ў далейшым, як кажа ў інтэрв’ю газеце «Звязда» Вячаслаў Даніловіч, пад гэтым сцягам БССР у пасляваенныя гады паспяхова развівалася. Была закладзена тая сацыяльна-эканамічная, грамадска-палітычная і культурная аснова, якая стала трывалым падмуркам для пабудовы нашай сучаснай незалежнай краіны.
Сучасны сцяг Рэспублікі Беларусь шмат у чым падобны на сцяг Беларускай ССР, які існаваў да 19 кастрычніка 1991 года, калі Вярхоўны Савет Рэспублікі прыняў Закон «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь», які зацвердзіў бела-чырвона-белы сцяг. Гэта рашэнне было прынята на хвалі разбуральных падзей, звязаных з перабудовай грамадства. Але новыя сімвалы выклікалі нязгоду ў шматлікіх жыхароў краіны, паколькі бела-чырвона-белы сцяг шырока выкарыстоўваўся тымі, хто дапамагаў фашыстам ўсталёўваць на нашай зямлі жорсткі акупацыйны рэжым і быў удзельнікам іх злачынстваў.
З мэтай аднавіць гістрычную праўду і выправіць дапушчаную памылку 14 мая 1995 года ў Рэспубліцы Беларусь адбыўся першы ў яе гісторыі рэферэндум, ініцыяваны кіраўніком дзяржавы, на якім большасць грамадзян падтрымалі новую сімволіку – мадэрнізаваны савецкі ўзор сцяга.
За сваю шматвяковую гісторыю Беларусь была не аднойчы заваяванай, але сама ніколі не была заваёўнікам. Беларусам даводзілася мяняць веру, прымаць чужую культуру і мову, асімілявацца з іншымі народамі. Але пры ўсім гэтым Беларусь ніколі не губляла сваёй нацыянальнай самабытнасці. Усім нам неабходна ведаць гераічнае мінулае сваёй Радзімы, яе нацыянальныя традыцыі, багатую культуру, і, вядома ж, гісторыю сімволікі. І хочацца спадзявацца, што наша грамадства перастане быць падзеленым на дзве часткі, якія адрозніваюцца зместам гістарычнай памяці.
Наталля Таргонская,
дырэктар
ДУК “Музей Вавёркі
ў Вялікай Бераставіцы”