Сустрэча са святаром у Масалянах

Лента новостей

У рамках Тыдня маці у Масалянскім яслях-садзе-пачатковай школе былі праведзены цікавыя, займальныя і пазнавальныя мерапрыемствы, прысвечаныя самым дарагім і любімым жанчынам – мамам.

На інфармацыйных гадзінах вучні разважалі аб велізарным матуліным сэрцы і яе бязмежнай любові. Выстава  «Цуд з мамінага агарода» прадэманстравала, якія ўсе мамы  выдатныя мастачкі і рукадзельніцы.  На фотавыставе, арганізаванай дзецьмі, кожны змог паказаць сваю прыгажуню-маму і расказаць пра яе шмат цікавага і добрага. Навучэнцы школы наведалі адзінокіх і састарэлых жанчын, каб павіншаваць іх са святам і пажадаць здароўя і даўгалецця.

Асабліва запамінальнай стала сустрэча вучняў са святаром храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы аг. Масаляны іерэем Іаанам Патапчыкам. Айцец Іаан правёў гутарку са школьнікамі на тэму «Маці Божая – апякунка нашай Айчыны». Ён распавёў пра тое, што ў цяжкіх жыццёвых абставінах нашы мамы звяртаюцца з просьбай аб захаванні жыцця і здароўя сваіх дзяцей да Найсвяцейшай Багародзіцы. Хто як ні яна дапаможа і ахавае. Матчына малітва ідзе ад чыстага сэрца. Таму і словы, звернутыя да яе, сагрэты душэўнай цеплынёй.

Святар звярнуў увагу дзяцей на тое, што свята Дзень маці ў нашай краіне супадае з праваслаўным святам Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы. Вучні даведаліся аб гісторыі  гэтага свята, а таксама паглядзелі цікавую прэзентацыю пад назвай «Іконы Багародзіцы».

Тыдзень, прысвечаны Дню маці, завяршыўся святочным канцэртам «Я слаўлю мамы светлае імя».

Святлана Патапчык, настаўніца Масалянскага  яслей-сада-пачатковай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *