Сустрэча з прадстаўніком Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь прайшла ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе

Лента новостей

P1140380Выбар прафесіі – адзін з самых адказных і складаных перыядаў у жыцці кожнага маладога чалавека. Каб зрабіць гэты выбар лягчэйшым, у рамках прафарыентацыйнай работы ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе адбылася сустрэча вучняў 10 і 11 класаў з прадстаўніком Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Падпалкоўнік Іван Шэлест прадэманст­раваў школьнікам відэафільмы пра Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь і непасрэдна пра Ваенную акадэмію. Падчас размовы на слайдавым суправаджэнні былі паказаны яскравыя моманты жыцця курсантаў: заняткі на палігонах, у аўдыторыях, на спартыўных спаборніцтвах (дарэчы, Ваенная акадэмія заўсёды займае першыя месцы ў спаборніцтвах Узброеных Сіл). Іван Фёдаравіч за кароткі час расказаў пра ўсе факультэты Ваеннай акадэміі. Усяго на сённяшні дзень навучанне адбываецца на сямі факультэтах. На кожным з факультэтаў свая спецыфіка навучання, але іх яднае тое, што там можна атрымаць добрыя веды і годную прафесію.
Курсанты акадэміі знаходзяцца на поўным забеспячэнні дзяржавы, апроч стыпендыі ў 2 081 000 рублёў, якая яшчэ і павялічваецца для тых, хто вучыцца на “добра” і “выдатна”, курсантаў апранаюць і абуваюць, для іх арганізавана шматразовае харчаванне, на працягу пяці гадоў навучання прадастаўляецца бясплатнае жыллё (1-2 курс – казармы, 3 – 5 курсы – добраўпарадкаваны інтэрнат). Такім чынам, уся стыпендыя застаецца выключна на асабістыя патрэбы курсанта. Пасля выпуску малады афіцэр заўсёды будзе мець адпаведнае месца службы.
На сустрэчы таксама прысутнічаў айцец Віталій Яроміч, які асабліва падкрэсліў, што, каб вучыцца ваеннай справе і стаць афіцэрам беларускага войска, трэба мець мужнасць і быць сапраўдным мужчынам.
Рыгор Суродзін, вучань 11 “А” класа Вялікабераставіцкай СШ, ужо вызначыўся з будучай прафесіяй: ён будзе паступаць на факультэт ракетных войскаў, артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення і ў будучыні хоча стаць афіцэрам з кваліфікацыяй інжынера, спецыяліста па кіраванні. Па словах Рыгора, жаданне стаць ваенным з’явілася ў яго яшчэ ў 9 класе, і з таго часу ён мэтанакіравана ідзе ў гэтым напрамку. А сустрэча з прадстаўніком Ваеннай акадэміі толькі ўмацавала гэтае жаданне.
Усе, каго цікавіць ваенная адукацыя, могуць звяртацца за дадатковай інфармацыяй у адасобленную групу Бераставіцкага раёна асабіста або па тэлефоне 2-16-35 да вядучага спецыяліста па ўлікова-прызыўной рабоце Чарнова Сяргея Міхайлавіча.
Віталій Ігнатовіч, начальнік  адасобленнай групы Бераставіцкага раёна ваеннага камісарыята Ваўкавыскага, Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *