Сумленная працаўніца СВК “Алекшыцы”

Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_6525Сярод слаўнай кагорты лепшых працаўнікоў Бераставіччыны па выніках спаборніцтва за мінулы год можна ўбачыць сціплую жанчыну, аператара комплексу па адкорму і дарошчванні буйной рагатай жывёлы СВК “Алекшыцы” Людмілу Лаўрашук. Сярэднесутачная мінулагодняя прывага маладняку ў гэтай руплівай працаўніцы – 898 грамаў, што сведчыць пра старанне і адказнасць, добрасумленныя адносіны да справы. А праца аператара фізічна вельмі нялёгкая. Здаецца, мажны мужчына тут лепш бы справіўся, чым слабая кабета, аднак жаночая дасціпнасць, увішнасць, жаданне зрабіць усё, як мага лепш прыходзіцца тут вельмі да месца.
Тэрыторыя жывёлагадоўчага аб’екта дагледжаная, тут цвітуць прыгожыя кветкі. Алекшыцкія працаўнікі ўносяць свой важкі ўклад у выкананне харчовай праграмы ў краіне.
Да мяне выйшла абаяльная жанчына, і першае ўражанне, якое, як кажуць, самае трапнае, было такое:
— У якой Вы, Людміла Канстан­цінаўна, выдатнай фізічнай форме!
— Так, — не стала спрачацца і з прыемнай усмешкай адказала яна на мой шчыры камплімент.
А пачынаўся працоўны шлях маёй субяседніцы зусім па-іншаму. Нарадзілася Людміла ў Смаргоні, і вывучылася на майстра па індывідуальнаму пашыву і рамонту абутку. Працавала Людміла ў Доме быту, потым вый­шла замуж і прыехала з мужам у нашы мясціны. Тут ёй спадабалася. Працаваць пайшла яна на алекшыцкі комплекс па адкорму і дарошчванні буйной рагатай жывёлы. Спачатку Людміла была падменным аператарам. А з 1997 года ёй далі групу бычкоў вагой ад 70 кілаграмаў. Догляд, паенне, кармленне з той пары ў полі зроку Людмілы. Кармы падвозяцца трактарам, затым іх раздае аператар. Даглядае жанчына 180 цялят. Яна нераўнадушны чалавек, у першую чаргу гаспадарлівым вокам агледзіць кожнага бычка, ці здаровы, ці бадзёры, ці ёсць у яго апетыт. Калі ўсё ў парадку, будуць і прывагі добрыя ў жывёлы, а значыць, будзе маральнае задавальненне і дастойны матэрыяльны стымул у стараннага аператара, і прыемны настрой.
У СВК “Алекшыцы” аддаюць належную даніну павагі руплівым працаўнікам. Людміла сказала самыя цёплыя словы пра старшыню гаспадаркі Валерыя Паўлюкевіча і яго намесніка па ідэалагічнай рабоце і старшыню прафкама Ганну Міхаленка. Яны разумеюць, як няпроста жанчыне працаваць так, каб з яе бралі прыклад іншыя, якую трэба мець вялікую адказнасць. А мы сышліся з Людмілай у меркаванні, што фізічная актыўнасць — гэта адзін з адметных “плюсаў” яе занятку, які дае хлеб надзённы і дапамог “падняць” дзяцей, вывучыць іх. У наш век “гіпадынаміі”, калі ў гарадах многія кабінетныя работнікі наведваюць спартыўныя залы і займаюцца на трэнажорах, аператару гэта зусім не трэба. Фізічная нагрузка ў працоўны дзень трэніруе арганізм, умацоўвае яго, гаворыць аператар. А калі гэта працягваецца гадамі, дык і маладосць захоўваецца, і бадзёрасць, што вельмі добра. У любым выпадку трэніраваны чалавек лепш спраўляецца з нагрузкамі і стрэсамі, якіх у нашым жыцці нямала.
— Дзеці – мая падтрымка і сіла, — з замілаваннем гаворыць Людміла.
Сын пачынаў з Бераставіцкага ліцэя, затым закончыў каледж і ВНУ у Мінску. Нялёгка было маці прайсці разам з ім усе гэтыя прыступкі да добрай прафесіі, але колькі было і радасці, што хлопец стараецца! А дачка Людмілы па спецыяльнасці эканаміст, таксама радавала маму сваімі поспехамі. Зараз Людміла ўжо маладая бабуля, у яе двое ўнукаў.
— У мяне дом на зямлі, — расказвае гэтая добрая мама і гаспадыня. – У вольны час люблю гатаваць, наводзіць дома прыгажосць, чытаць цікавую гістарычную літаратуру.
Такое вось звычайнае, простае чалавечае шчасце нашай непрыкметнай гераіні, у якім ёсць адна цікавая адметная рыса – яно літаральна створана сваімі рукамі.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *