Структура яравога поля на Бераставіччыне

Лента новостей

Пшаніца, ячмень, авёс, грэчка, зернебабовыя, кукуруза… Наяўнасць цэлага комплексу ранніх і позніх груп яравых культур у структуры пасеваў кожнага сельгас­прадпрыемства Бераставіччыны садзейнічае больш поўнаму выкарыстанню яго экалагічных умоў, павышэнню ўстойлівасці збожжавытворчасці і эканамічнай эфектыўнасці.
У параўнанні з пасевамі азімых збожжавых культур, а пад іх у раёне адведзена 9450 гектараў зямель, плошча яравога кліну меншая і складае амаль 7400 гектараў зямель. З іх 2435 га заняты пасевамі кукурузы на зерне, і ў адносінах да мінулагодніх да­дзеных вышэйназваны паказчык павялічыўся на 85 га. Пры гэтым на 1840 гектарах яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры былі пасеяны ў КСУП “Пагранічны-Агра”. У тройку лідараў уваходзяць КСУП “Малабераставіцкі элітгас” і КСУП “Варанецкі”. У гэтых гаспадарках пасевы яравых раскінуліся на плошчы ў 980 і 850 гектараў.
Аб некаторых змяненнях у структуры сёлетніх пасяўных плошчаў, новых гатунках і іх перавагах мне падрабязна расказала галоўны аграном па насенняводству Бераставіцкай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Таццяна Жыўлюк. Адразу на пачатку размовы спецыяліст адзначыла адну важную акалічнасць: увесь насенны матэрыял абавязкова правяраецца на адпаведнасць патрабаванням да гатункавых і пасяўных якасцей насення сельскагаспадарчых раслін, абазначаных у пастанове Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання Рэспублiкi Беларусь. Іншымі словамі, палеткі павіны засейвацца выключна высакаякасным кандыцыйным насеннем. Парушэнне правіла патрабуе тэрміновай дапрацоўкі або замены пасяўнога матэрыялу. І толькі так, а не інакш.
Аб тым, што ў сельгаспрадпрыемстве мэтазгодна высейваць два-тры гатункі кожнай збожжавай культуры з розных груп спеласці, падбіраючы іх з улікам канкрэтных глебава-кліматычных умоў гаспадаркі, бераставіцкія аграрыі ведаюць добра. Так, напрыклад, дамінуючым гатункам яравой пшаніцы ў пасевах васьмі сельгаспрадпрыемстваў (у СВП “АграМір” яе не вырошчваюць) з’яўляецца гатунак замежнай селекцыі “бомбона”. З 1024 гектараў зямель, адведзеных у раёне пад пасевы гэтай культуры, на долю названага гатунку прыпадае амаль 450 гектараў. Не спяшаюцца спецыялісты выключаць з структуры сваіх пасяўных плошчаў і такі гатунак айчыннай селекцыі, як “рассвет”. Сёлета ён раскінуўся на плошчы каля 300 гектараў. Прысутнічае ў спісе фаварытаў і новы высокапрадуктыўны гатунак айчыннай селекцыі “сабіна” – звыш 160 гектараў. Упершыню на чатырох і дванаццаці гектарах зямель, што ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас” і РУСП “Масаляны” адпаведна, закаласіцца яравая пшаніца “славянка” і “трызо”.
А вось найбольшая плошча бераставіцкіх палеткаў – звыш 2390 га – была засеяна яравым ячменем. З шэрагу гатункаў айчыннай селекцыі распаўсюджанне атрымалі “бацька” – звыш 580 га, “бровар” і “радзіміч” – звыш 420 і 270 га адпаведна. Сярод гатункаў замежнай селекцыі значная роля адведзена адзінаму прадстаўніку гэтай “плыні” – “скарбу”. У КСУП “Варанецкі” ім засеялі 150 гектараў.
На 120 гектараў у параўнанні з паказчыкамі 2017 года павялі­чылася плошча зямель, адве­дзеных пад пасевы яравога аўса. Найбольш запатрабаванымі ў бераставіцкіх аграрыяў аказаліся гатункі “запавет” – амаль 220 га і “лідзія” – звыш 60 га. Усяго ж у раёне яравым аўсом засеяны 361 гектар зямель, з якіх цэлых 200 – у КСУП “Пагранічны-Агра”. Павялічылася таксама, хоць і нязначна, гэтая лічба ў названым сельгаспрадпрыемстве за кошт укаранення новага гатунку “мірт” – 4 га.
Што датычыцца пасяўных плошчаў грэчкі на Бераставіччыне, то яны нязначныя – 150 га – і прадстаўлены толькі адным гатункам “фенікс”. У гэтым годзе акрамя КСУП “Макараўцы” яе пасеялі і ў КСУП “Пагранічны-Агра” на плошчы ў 50 гектараў. Павялічыліся ў гэтым сезоне і плошчы зернебабовых культур да 1030 га. Толькі ў аграфірме “Стары Дворац” гэтымі культурамі было засеяна на 100 га больш, чым летась.
А вось ад вырошчвання проса ў КСУП “Пагранічны-Агра” і пасеваў соі ў аграфірме “Стары Дворац” вырашылі пакуль адмовіцца.
Дарэчы, пэўная частка неабходнага насеннага матэрыялу гаспадаркамі раёна была набыта ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас”. Гэтае сельгаспрадпрыемства рэалізавала звыш 37 т аўса, 254 т ячменю і 105 т пшаніцы.
Цікавіць, канешне, і пытанне, якім у выніку будзе будучы ўраджай. Але пакуль зразумела адно: пры такіх прыродных умовах, як зараз, прагнозы зусім не суцяшальныя.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *