“Стокроткі”: І стала песня лёсам!

Лента новостей

У рэпертуары вакальнага ансамбля “Стокроткі” Макараўскага Дома нацыянальных культур (на здымку) шмат польскіх песень. Нездарма і назву калектыў мае польскую: “стокроткі” – “маргаритки”. Тут, на макараўскай зямлі, пражывае шмат этнічных палякаў. У свой час нават, улічваючы колькасныя суадносіны насель-ніцтва ў плане нацыянальнай прыналежнасці, Макараўскі Дом культуры быў пераўтвораны ў Макараўскі Дом нацыянальных культур. Цяпер тут, у тым ліку і праз дзейнасць народнага ансамбля польскай песні “Стокроткі”, падтрымліваецца развіццё польскай культуры, традыцый і мовы.

Фальклорны гурт быў створаны ў 1990 годзе і першапачаткова меў назву “Ютшэнка”. Калектыў заўсёды вызначаўся сваім адметным, каларытным рэпертуарам. Шмат дзе паездзіў з канцэртамі. У ранейшым складзе гурта выступалі Марыя Сарасек, Альфрэда Ігнатовіч, Ірына Даўгяла, Люцына Чэчат, Галіна Зімнох, Ядз-віга Праневіч, Яніна Рудая, Рамуальда Пальяноўская, Рэгіна і Таццяна Шмароўскія. Жанчыны гэтыя ўжо на заслужаным адпачынку. Але народная песня, без якой так цяжка і сумна жыць, стала для іх лёсам.
Калектыў за час свайго існавання неаднаразова прымаў удзел у фестывалях польскай песні, якія праходзілі ў Гродне, Свіслачы, Ваўкавыску, Вялікіх Эйсмантах, Макараўцах. “Стокроткі” абаранялі гонар раёна на абласным справаздачным канцэрце. Ездзілі з абменнымі канцэртамі ў Крынкі і Сакулку, дзе прымалі ўдзел у святах Дзень сеньёра, Дні Крынак. Ужо ў новым складзе з таленавітых жанчын, аматараў песні, у 2006 годзе ансамбль атрымаў званне “народны” за актыўную творчую дзейнасць і высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства.
– У мінулым годзе, – расказвае кіраўнік калектыву, дырэктар Макараўскага Дома нацыянальных культур Вікторыя БАЖКО, – мы паспяхова пацвердзілі званне “народны”, а таксама выступалі на Рэгіянальным фестывалі “Артыстычныя сустрэчы Беласток-Гродна”. У снежні ўдзельнічалі ў адборачным туры ІХ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. У рэпертуары ансамбля не толькі польскія творы, але і беларускія. Як і ў тутэйшым жыцці, дзе побач па-добрасуседску жывуць людзі розных веравызнанняў і нацыянальнасцей, так і ў творчасці знайшлі спалучэнне розныя, але такія зразумелыя матывы, традыцыі, культуры.
Святлана ГАНЧАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *