Старшы камбайнер СВК імя Варанецкага Іван Радзюкевіч — на раённай Дошцы гонару

Лента новостей

IMG_6894Шмат добрых слоў давялося мне пачуць у СВК імя Варанецкага ў адрас старшага камбайнера Івана Радзюкевіча. Ён шчыраваў на хлебнай ніве на сваім магутным “Лексіёне-580”, стараючыся ўхапіць як мага больш часу ў капрызлівага надвор’я, якое то ўсміхалася людзям ясным сонейкам, то сваволіла хуткай хмаркай у бяздоннай нябеснай прасторы. Гэта адзінаццаты сезон на жніве руплівага механізатара, і, калі скласці разам яго важкія намалоты, атрымаецца сапраўдная гара з залатога збожжа.
Іван – мясцовы жыхар, стаж яго пачаў свой адлік у 1988 годзе. Механізатар з умелымі рукамі здатны да любога віду работ у полі – ёIMG_6938н і арэ, і сее, і жне. Што ні даручаць, выконвае са стараннем і якасна, таму і занесена яго імя на раённую Дошку гонару. Чалавек ён сціплы і немнагаслоўны, а пачынаў калісьці на “Ніве”, потым малаціў на “Доне”. Сённяшні яго “жалезны конь” мае самую вялікую прапушчальную здольнасць, уборка ідзе хутчэй, а ў кабіне камфортна і не горача. Пожня пасля “Лексіёна” застаецца роўная, як шчотачка, страт зерня няма. За ўсім сочыць пільнае вока гэтага майстра сваёй справы.
А дома яго чакае “моцны тыл” – жонка з дочкамі. Старэйшы сын у гэтай добрай сям’і ўжо студэнт. “Другая палова” Івана, Марына, працуе жывёлаводам на комплексе “Мацеевічы”. Свайго мужа яна ахарактарызавала адным ёмістым словам: “надзейны”. Выйшла замуж прыгожая дзяўчына за Івана ў 19 гадоў і за гэты час змагла ўпэўніцца, што першае ўражанне сапраўды было самае трапнае.
Тэхніка ўдасканалілася, і ў час сяўбы, і ў час жніва дзеці ўжо бачаць бацьку больш часу, чым раней.
Цікава было, а што дочкі скажуць пра бацьку?
– Тата добры, пяшчотны, і абдыме, і падтрымае, – шчыра адказваюць дзяўчынкі.
Гутарым мы з імі каля іх прасторнага ўтульнага дома, які дала сям’і гаспадарка. Прыйдзе стомлены камбайнер вечарам дамоў, а тут чакаюць яго родныя людзі, даражэй за якіх для яго ў цэлым свеце няма…
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *