Стартуе акцыя «Нашы дзеці»

Лента новостей

129fb2240a4af9c45e28d56abdec286b85ef3aefЗгодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2015 года №913 з 10 снежня 2015 года па 10 студзеня 2016 года ў нашай краіне праводзіцца навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці».
Па добрай традыцыі ў час акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў асабіста наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы, віншуюць дзяцей з Новым годам, Нараджэннем Хрыстовым, уручаюць ім падарункі, аказваюць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем.

Аб тым, якія мерапрыемствы ў рамках акцыі “Нашы дзеці” запланаваны ў нашым раёне, я пацікавілася ў педагога сацыяльнага Бераставіцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алены Балінскай.
— За кошт сродкаў мясцовага бюджэту будуць набыты навагоднія падарункі для навучэнцаў 1-4 класаў устаноў адукацыі раёна, — паведаміла Алена Віктараўна. – 29 снежня плануецца правядзенне раённай дабрачыннай Елкі, на якую будуць запрошаны 145 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Гэта дзеці – выдатнікі вучобы, пераможцы разнастайных конкурсаў, алімпіяд і спартыўных спаборніцтваў, дзеці з апякунскіх, мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзеці-інваліды. У гэты ж дзень пройдзе і абласное дабрачыннае навагодняе свята, у якім прыме ўдзел і дэлегацыя з нашага раёна ў складзе 10 чалавек.
Ну а кульмінацыяй дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці” традыцыйна становіцца Прэзідэнцкая елка, якая праходзіць у Мінску, у Палацы Рэспублікі. Сёлета яна павінна адбыцца 24 снежня. На ёй будуць прысутнічаць двое дзяцей з Бераставіччыны: навучэнка Кватарскага ясляў-сада-базавай школы Дзіяна Канавалава, якая засталася без бацькоўскай апекі, і Дзяніс Падковіч, выхаванец Бераставіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, прызёр шматлікіх рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў па вольнай барацьбе.
У рамках акцыі “Нашы дзеці” Беларускі дзіцячы фонд распачаў збор дабрачынных сродкаў, якія таксама пойдуць на набыццё падарункаў для дзяцей, што патрабуюць асаблівай увагі ў час навагодніх і калядных свят.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *