Справа бераставіцкага святара Антонія Будзіловіча

Из истории земли Берестовицкой Культура

Думаю, што большасць бера­ставічан, наведваючы могілкі ў пасёлку, альбо праязджаючы міма іх, звяртала ўвагу на старую цагляную трохстворчатую браму,  якая знаходзіцца пры ўваходзе на праваслаўную частку могілак з боку вуліцы 1 Мая. Яшчэ нядаўна побач з брамай уздоўж дарогі цягнулася невысокая прасеўшая мураваная агороджа, складзеная з палявых камянёў. Здаецца, у мінулым годзе гэта брама была патынкавана, а вось прымыкаючую да яе гістарычную   частку сцяны камунальшчыкі  разабралі і на яе месцы паставілі сучасную высокую агароджу.
Дык вось, стары каменны мур на могілках, аб якім ідзе размова, і ўваходная брама былі пабудаваны яшчэ ў 1880-90-х гг. Узвядзенне іх звязана з імем праваслаўнага святара Антонія Будзіловіча, які ўзначальваў у той час прыход у Вялікай Бераставіцы. Дарэчы, магіла самога настаяцеля  захавалася. Яна  знаходзіцца на тэрыторыі вялікабераставіцкай царквы Святога Міколы Угодніка. Помнік нагадвае сабой невысокую каменную стэлу з надпісамі, наверсе якой замацаваны невялікі каваны крыж. Цікава, што раней помнік выглядаў некалькі іначай. Зверху на ім у мінулым быў не металічны, а  каменны суцэльны са стэлай крыж з фігурай распятага Хрыста. Пазней прыгожы помнік пашкодзілі. Каменны крыж нехта адламаў і  яго месца заняў крыж з металу. Праўдападобна, гэта адбылося дзесьці ў 40-50 гады мінулага стагоддзя.
У Гродзенскім гістарычным архіве ёсць цікавая справа за 1890 год пад назвай “Дело по жалобе отставного писаря Плоцкого Болеслава на священника Будзиловича за захват его земли под великоберестовицкое кладбище”, якая дае шмат каштоўнай інфармацыі. Адстаўны пісар, унтэр-афіцэр Баляслаў Мікалаевіч Плоцкі,  даслаў скаргу самому Гродзенскаму губернатару. Па загаду “зверху” станавы прыстаў сумесна са старшынёй валаснога праўлення Мікалаем Кахно па дадзенаму факту  праводзілі праверку, у выніку чаго зямельная спрэчка была ўрэгулявана. З дакумента даведваемся, што на старых бераставіцкіх могілках у той час ужо не хапала месца для пахаванняў і востра ўзнікла пытанне аб іх пашырэнні. Для гэтага былі  закуплены блізляжачыя землі. Усю тэрыторыю праваслаўных могілак спачатку абнеслі земляным валам і ровам, а потым прыступілі да  пабудовы каменнай агароджы. Арганізацыяй справы кіраваў непасрэдна айцец Антоній, а падвоз неабходных матэрыялаў і кладку сцен ажыццяўлялі прыхаджане дзвюх вялікабераставіцкіх цэркваў .
Хачу сказаць, што да  сённяшняга дня яшчэ захаваліся часткі гэтага муру з заходняга і паўднёвага боку сучасных могілак. Ёсць таксама фрагменты каменнай сцяны  на тэрыторыі саміх могілак паміж помнікамі. Гэтыя рэшткі дапамагаюць сёння ўявіць межы таго старога бераставіцкага некропаля, які існаваў у канцы 19-га — пачатку 20-га стагоддзяў.
Да вайны насупраць праз дарогу існавала таксама ўваходная брама і на каталіцкія могілкі. Праўда, яна была драўлянай, меншай па памерах, і мела толькі дзве створкі. Разабрана ў пасляваенныя гады.
Сяргей Лушчык, г. Гродна


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *