СПП “АграМір” лідзіруе па валавым надоі малака

Лента новостей

IMG_0005У развітых краінах малако, дзе ўтрыманне саматычных клетак перавышае патрэбны для закупу паказчык, увогуле немагчыма прадаць, таму для вытворцаў гэта не толькі страта прыбытку, але і літаральна справа выжывання пры вялікай канкурэнцыі.
А павучыцца поспехам у вытворчасці высакаякаснага малака можна хаця б на прыкладзе Ізраіля. Сярод пустынь, дзе праблемы з вадой, а кармы прыходзіцца закупляць, таму што ўласных не хапае, за кошт “чалавечага фактару” і строгага захавання сучасных тэхналогій дабіліся выдатных вынікаў. У нас жа клімат спрыяе, кармоў хапае, значыць, ёсць добрыя стартавыя магчымасці для таго, каб атрымліваць больш малака гатунку “экстра”. У гэтым зацікаўлены перапрацоўшчыкі. Нядаўна на ААТ “Малочны Мір” адбыўся семінар–вучоба для аграрыяў, занятых у малочнай жывёлагадоўлі. Ад нашага раёна пабывалі там галоўны ветурач раёна Аляксандр Баброў і прадстаўнікі гаспадарак. Удзельнікам мерапрыемства была прадстаўлена цікавая інфармацыя, накіраваная на стымуляванне работы ў гэтым накірунку.
Па – ранейшаму акцэнт робіцца на добрасумленнасць працаўнікоў, строгае захаванне сучасных тэхналогій і жорсткі кантроль.
А як абстаяць справы ў нашым раёне? Па валавым надоі зараз безумоўны рэкардсмен – СПП “АграМір”. Рост за 8 месяцаў у параўнанні з такім жа мінулагоднім перыядам склаў 135 працэнтаў. У СВК “Алекшыцы” і “Цецяроўка” гэты паказчык — 109 працэнтаў, у СВК “Макараўцы” і “Малабераставіцкі элітгас” — 108.
Надой на карову за 8 месяцаў найвышэйшы ў СВК імя Варанецкага – 5664 кілаграмы (плюс 95 кілаграмаў). У РУСП “Масаляны” надой дасягнуў 5658 кілаграмаў (плюс 95 кілаграмаў), у СВК “Алекшыцы” – 5624 (плюс 125).
Па вытворчасці малака гатунку “экстра” безумоўны лідар таксама СВП “АграМір” – 91,5 працэнта. На другім месцы аграфірма “Стары Дворац” – 49,5 працэнта, на трэцім – РУСП “Масаляны” – 45,1. Вытворчасць “экстры” выгадная, трэба толькі старацца.
Мне давялося пагутарыць з загадчыкам малочнатаварнай фермы “Галава” СВП “АграМір” Аленай Курута (на здымку). Па спецыяльнасці яна заатэхнік, закончыла Гродзенскі сельгасінстытут, 30 гадоў працавала ў свінаводстве.
— Ці цяжэй працаваць у малочнай жывёлагадоўлі? – пацікавілася я.
— Так, значна цяжэй, — адказала субяседніца. – Вытворчасць малака больш складаная. А сыравіна “экстра” – вынік удалага спалучэння многіх складаючых. Самы важны фактар пры гэтым – зладжаны дружны калектыў. Без працавітых добрасумленных людзей тут не абысціся. У нас як канвеер. Трэба падтрымліваць, падбадзёрваць адзін аднаго, дапамагаць. А добры прыклад таго, як гэта рабіць, падае нам дырэктар Ніна Лазавіцкая. Яна нас натхняе пераадольваць цяжкасці, якіх бывае нямала, і імкнуцца наперад. Галоўны ветурач Сяргей Вілюноў і галоўны заатэхнік Аляксандр Гарадок сочаць за прафілактыкай захворванняў, лячэннем жывёлы, правільным кармленнем. Вельмі шмат залежыць і ад слесараў, аператараў машыннага даення. Людзі стараюцца, каб не падводзіла абсталяванне, быў належны санітарны стан, захоўваліся “залатыя правілы” дойкі. Вынікам зладжанай работы і стала “экстра”.
Працаваць на новых малочнатаварных комплексах значна лягчэй, чым на старых фермах, дзе было шмат ручной цяжкай працы. Калі ўсё рабіць па тэхналогіі, “ідэальнага” малака” на Бераставіччыне будзе больш.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *