“Споведзь салдацкага сэрца”. У Алекшыцкай бібліятэцы ўшанавалі воінаў-інтэрнацыяналістаў

Актуально Культура Лента новостей

Урок мужнасці і гераізму пад назвай “Споведзь салдацкага сэрца” адбыўся ў Алекшыцкай сельскай бібліятэцы. Мерапрыемства было прысвечана Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Галоўныя героі сустрэчы – Андрэй Вабішчэвіч  і Іосіф Барцэвіч – ветэраны вайны ў Афганістане, якія працуюць у мясцовай гаспадарцы РСУП “Алекшыцы”. У якасці гасцей – старшыня Алекшыцкага сельскага Савета Віталій Галавач і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце РСУП “Алекшыцы” Алеся Капіца.

Урок мужнасці праводзіўся для вучняў дзевятага класа Алекшыцкай сярэдняй школы. Мерапрыемства праходзіла ў незвычайным фармаце, што вельмі спадабалася школьнікам. Гэта была дыялогавая пляцоўка за салодкім сталом.

Пачалося мерапрыемства з прагляду дакументальнага фільма “Хронікі афганскай вайны”. Як заварожаныя, вучні ўслухваліся ў кожнае слова вядучага, не адрываючы вачэй ад экрана. З боллю ў сэрцы слухалі і воіны-афганцы, успамінаючы падзеі той страшнай вайны, дзе кожны дзень глядзелі ў вочы смерці. А потым пад песню Аляксандра Разэнбаўма “Чорны цюльпан” прысутныя ўшанавалі ўсіх загінуўшых на гэтай вайне мінутай маўчання і запалілі лампадку памяці.  

Тэма афганскай вайны знайшла свой водгук у мастацкай літаратуры. У якасці прыкладу бібліятэкары аформілі кніжную выставу твораў як мастацкага, так і гістарычнага зместу з фотаздымкамі. Некаторыя творы вучні прачыталі ўголас: Святлана Латаш – верш “Кому нужна была война” і разам з Паўлам Малашкам – урыўкі з “Афганскага дзённіка” Юрыя Лапшына.

З кранаючай прамовай выступіў старшыня Алекшыцага сельскага Савета Віталій Галавач, які пажадаў воінам-афганцам моцнага здароўя, а моладзь заклікаў адстойваць інтарэсы сваёй Радзімы, берагчы яе і ахоўваць.

Удзельнікі мерапрыемства актыўна ўключыліся ў абмеркаванне пачутага і ўбачанага. Вучні задавалі ветэранам афганскай вайны пытанні: як яны аднесліся да загаду несці службу ў Афганістане? як вытрымоўвалі пяцідзесяціградусную спёку? як ставіліся да рускіх салдат мясцовыя жыхары? і гэтак далей.

Заключным акордам сустрэчы стала запальванне сімвалічнай лампады памяці каля помніка воінам-афганцам у аг. М. Бераставіца.

Хочацца спадзявацца, што праведзенае мерапрыемства надоўга застанецца ў памяці падлеткаў як старонка гісторыі, якую нельга перагарнуць, яе трэба ведаць і перадаваць з пакалення ў пакаленне.

Дзякуй нашаму спонсару – РСУП “Алекшыцы” – за матэрыяльную дапамогу, а адміністрацыю Алекшыцкай СШ – за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.

Зоя Хлебнікава, бібліятэкар філіяла “Алекшыцкая сельская бібліятэка”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *