На мінулым тыдні на раённым свяце гучалі апладысменты ў адрас працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Шмат было сказана ў іх адрас удзячных цёплых слоў. Называлі многіх, многія за-сталіся «за кадрам».
Сёння мне хочацца расказаць аб непрыкметных сціплых жанчынах, аб іх працавітых, руплівых руках. Іх нямала ў кожным калектыве, ёсць такія і ў СВП “АграМір”.
Вядома, што мадэрнізацыя вытворчасці і пераход на новыя тэхналогіі зніжаюць долю ручной працы. У СВП “АграМір” жывёлагадоўля вядзецца пакуль што па-ранейшаму. Каб кардынальна памяняць сітуацыю, патрэбны вялікія сродкі. Таму прыходзіцца выкарыстоўваць тую матэрыяльную базу, што ёсць. На свінаферме “Кашанцы” ўжо шмат год паказвае сябе з самага лепшага боку свінавод Людміла Леваненя. Разам з напарніцай Аксанай Балацько яна даглядае да 780 парасят. Два разы за змену тут раздаюцца кармы і робіцца гэта ўручную. Парасяты да-гледжаныя, здаровыя. Сярэднясутачная прывага ў кастрычніку склала 585 грамаў.
Людміла—выдатная гаспадыня і шматдзетная мама. Дзеці яе ўжо выраслі. Каля дома ў Людмілы мноства кветак, яна любіць вырошчваць агародніну. У яе ёсць такія віды раслін, што могуць за-цікавіць вопытных агароднікаў.
А на малочнатаварнай ферме “Кашанцы” працуюць жывёлаводы Ніна Калмычэнка і Святлана Маметаморава. У спакойную нашу сінявокую Беларусь іх закінуў лёс аж з далёкай сонечнай Кіргізіі. Жанчыны добрасумленна выконваюць свае абавязкі. Яны даглядаюць цялят узростам ад трох да шасці месяцаў. Работа ў іх нялёгкая. Але прывагі цялят у кастрычніку былі 874 грама ў Ніны і 836 грамаў у Святланы. Каля дома, дзе жывуць жанчыны, таксама растуць кветкі. Яны ўпрыгожваюць наша жыццё. Наўрад ці знойдзецца прадстаўніца слабога полу, на самой справе такога моцнага, якая іх не любіць…
Ніна Наддэ, фота аўтара