Паўлюшкі, Жылічы, Ятаўты, Гарбачы, Сыраежкі, Кватары- маленькія весачкі. Іх няма нават на самых падрабязных картах Гродзенскай вобласці. Але паглядзіце “Кнігу народнай славы”, палічыце, колькі воінаў-герояў далі яны краіне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гэтыя вёсачкі.
На вітрынах і стэндах гісторыка-краязнаўчага музея Кватарскай школы ўзоры зброі ваенных гадоў: абломкі вінтовак, гранат, рэшткі мін, снарадаў, авіябомб, стужка ад кулямёта, штыкі, каскі чырвонаармейцаў. А вось не зусім звычайны экспанат-скрыпка.Калі побач з баявой зброяй бачыш такое, міжволі задумваешся. Зброя і скрыпка. Звычайная скрыпка сельскага музыкі. Як яна з’явілася ў музейнай экспазіцыі?
Родам пачынаючы скрыпач быў з вёскі Гарбачы. А зваўся ён Пётр Яфімік. Актыўным і цікаўным быў юнак. Адным з першых уступіў у камсамол, думаў вучыцца на сапраўднага музыканта, спадзяваўся на светлае будучае. Бацька Аляксандр Фаміч не палічыўся з выдаткамі і набыў яму ўласную скрыпку. Але перашкодзіла марам вайна. Наступіла змрочная пара фашысцкай акупацыі. Нячаста браў Пеця ў рукі сваю скрыпку. Не да музыкі было. Адразу ж, як толькі ў 1944 годзе нашы родныя мясціны былі вызвалены ад захопнікаў, Пётр Яфімік ідзе на фронт, а неразлучную сяброўку-скрыпку давялося пакінуць у бацькоўскім доме. У сваіх рэдкіх пісьмах дамоў пісаў Пеця бацькам аб франтавым жыцці-быцці, аб баявых таварышах, месцах, якія прыйшлося пабачыць, марыў сыграць на сваёй скрыпачцы пераможны марш.
Але не выпала вярнуцца. Абарвала варожая куля жыццё вясковага музыкі. Здарылася гэта чацвёртага красавіка 1945 года на рацэ Одэр. Да перамогі заставаўся ўсяго месяц.
А ў хаце засталася скрыпка. Ці трэба казаць, якая гэта была дарагая рэч для яго родных? Вучні Кватарскай школы прыйшлі ў дом да Аляксандра Фаміча і Кацярыны Мяленцеўны Яфімікаў, каб паслухаць расказы пра сына-салдата, дапамагчы чым-небудзь па гаспадарцы. Бацькі, падумаўшы, перадалі следапытам Пятрову скрыпку, некалькі пісьмаў, фотаздымкі ваенных гадоў, каб яны захоўваліся ў музеі. Цяпер гэта адна з найбольш любоўна і беражліва захоўваемых рэліквій школьнага музея.
Святлана Кіеня,
педагог дадатковай адукацыі Кватарскага ясляў-сада-базавай школы