Сеюць азімы рапс, прадаюць насенне

Актуально

Закончылася гарачая і напружаная пара жніва, парадаваў людзей новы багаты каравай. На парозе– руплівая восень, і ўборка бульбы, кукурузы, цукровых буракоў. Клапоцяцца аграрыі і пра новы ўраджай. У гаспадарках раёна сеюць азімы рапс. Гэта запатрабаваная і вельмі выгадная культура. У СВК “Малабераставіцкі элітгас” пад яе ў мінулым годзе было адведзена 330 гектараў, у гэтым – 400. Гатунак сеецца “Прагрэс”. Леташняя ўраджайнасць была 25,1 цэнтнера з гектара, сёлетняя – 22,8. Спадзяюцца, што і ў наступным годзе азімы рапс не падвядзе.
Пад гэтую культуру зараз у гаспадарцы ўнеслі дастаткова мінеральных угнаенняў. На падрыхтоўцы глебы пад сяўбу працуе механізатар Сяргей Анісеня. Ён раўняе поле агрэгатам АКШ-6. Тэхналогія захоўваецца, работа якасная.
Сее азімы рапс механізатар Аляксей Ваўчок.
Пачынаецца сяўба рана. Механізатараў кормяць два разы на дзень – прывозяць ім смачныя абеды і вячэры.
***
У СВК “Малабераставіцкі элітгас” падрыхтавана на продаж каля 500 тон якаснага насення азімай пшаніцы і 2000 тон азімага трыцікале. Гатункі вырошчваюцца перспектыўныя. Гэта азімая пшаніца “Багатка” (дала ўраджайнасць 70,1 цэнтнера з гектара), “Фінэзія” (57,6), “Сюіта” ( 57,5). Гатункі азімага трыцікале – “Вальтарыо” (ураджайнасць 44,3 цэнтнера з гектара), “Марко” ( 41,5), “Модэрато” (33,2). Па насенне едуць з многіх месцаў вобласці.
На здымках: механізатары СВК “Малабераставіцкі элітгас” Сяргей Анісеня і Аляксей Ваўчок.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *