“Сумесная дзейнасць усіх падраздзяленняў сацыяльна-культурнай сферы па арганізацыі работы з падлеткамі і моладдзю” – семінар пад такой назвай быў праведзены сярод дырэктароў клубных устаноў раёна.
На сустрэчы былі абмеркаваны асноўныя напрамкі рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, з якімі пазнаёміла прысутных начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Алена Ігнатовіч. Аб стане правапарушэнняў і злачынстваў у падлеткавым асяроддзі расказаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Ігар Жыцкі. Прадстаўнік з вобласці, метадыст абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Іна Лебядзевіч, акрэсліла сучасныя формы і метады, якія неабходна ўжываць установам культуры пры арганізацыі работы з моладдзю.
На практыцы ўдзельнікі семінара паглядзелі і прааналізавалі наладжаны калектывам раённага Дома культуры “круглы стол” на тэму “Экалогія, будучыня і мы”. Гасцямі мерапрыемства, дарэчы, былі ўчастковы тэрапеўт райбальніцы Людміла Баярчук і інспектар групы прапаганды і навучання РАНС Яўген Шапавалаў. Семінарысты наведалі таксама Пархімаўскі Дом культуры і вольнага часу, дзе абмеркавалі праведзеную мясцовымі культработнікамі тэматычную дыскатэку “Мы—супраць курэння!”, абмяняліся меркаваннямі наконт узнікаючых падчас правядзення падобных вечароў праблем і спосабаў іх вырашэння.
Асноўны вывад, які прагучаў падчас семінара,—неабходна ўзаемнае супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых структур, сумесная работа ўстаноў культуры, адукацыі, РАУС.
Святлана Ганчарова