Тэма 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне сёлета актуальна ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Памяць пра загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны вельмі важна захаваць і перадаць маладому пакаленню.
Менавіта аб гэтым ішла гаворка на раённым выязным семінары бібліятэчных работнікаў, які адбыўся ў Масалянскай сельскай бібліятэцы.
На сустрэчы падкрэслівалася роля бібліятэк у духоўным, эстэтычным і патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, выхаванні гордасці за Радзіму, якая перамагла фашызм. У гэтым сэнсе заслугоўвае ўвагі сумесная работа бібліятэчных устаноў і агульнаадукацыйных школ. І прыклад менавіта такой плённай працы прадэманстравалі ўдзельнікам семінара члены навукова-даследчага таварыства “Скрыжалі” Масалянскага ясляў-сада-базавай школы на чале з настаўніцай Галінай Румак. Разам з бібліятэкарам Масалянскай СБ Ірынай Канеўскай (на здлымку) і сваім кіраўніком вучні падрыхтавалі і паказалі гасцям урок мужнасці пад назвай “У нашых сэрцах памяць аб кожным чацвёртым” і правялі цікавы экскурс у гісторыю аграгарадка Масаляны з выкарыстаннем відэапрэзентацый. Слухаючы выступаючых, бібліятэкары ўпэўніліся ў тым, што работа па вывучэнню гістарычнага мінулага роднага краю і выхаванню ў падрастаючага пакалення павагі да гераічных здабыткаў продкаў, зацікаўленне дзяцей краязнаўствам у Масалянах праводзіцца дастаткова актыўна і плённа. І заслуга ў гэтым, у вялікай ступені, нераўнадушнага, творчага, апантанага чалавека Галіны Румак.
Далейшая размова ўдзельнікаў семінара ішла аб тым, як знамянальныя і памятныя даты гэтага года знойдуць сваё адлюстраванне ў дзейнасці бібліятэк. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу райбібліятэкі Наталля Багдановіч спынілася на тых формах работы бібліятэчных устаноў, якія сёлета можна выкарыстаць у сумеснай дзейнасці са школамі. Гэта, напрыклад, віртуальныя вандроўкі і выстаўкі, вусныя часопісы і літаратурна-музычныя гасцёўні, электронныя прэзентацыі, прадстаўленні візітак-партрэтаў і г.д. Наталля Іванаўна параіла бібліятэкарам шэраг самых буйных сайтаў, прысвечаных гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якія можна выкарыстаць у сваёй рабоце. А таксама нагадала, што з 1 па 6 ліпеня ў бібліятэках раёна пройдзе Тыдзень памяці “Нам жыць і помніць…”
Бібліяграфічны агляд літаратуры, у тым ліку новай, пра вайну правялі бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Марына Белабокая і бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі-філіяла Данута Лагада. А загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу райбібліятэкі Алена Огер пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з выдавецкімі працамі, якія былі падрыхтаваны бібліятэкарамі аддзела з нагоды юбілейных і памятных дат.
Падвяла вынікі семінара дырэктар Бераставіцкай РЦБС Таццяна Марцішэвіч.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара