Свінагадоўля – справа выгадная

Лента новостей

Ва ўсім свеце з кожным годам узрастае попыт на прадукты харчавання. А мясу належыць асаблівае значэнне. Вытворчасць свініны больш выгадная, чым ялавічыны. “Абарот” пры гэтым хутчэйшы. Сакрэт поспеху менавіта ў тым, што грошы за свой тавар можна атрымаць хутчэй і ёсць магчымасць мадэрнізаваць або нарошчваць вытворчасць.
Як вядома, карова нараджае толькі адно цяля, вельмі зрэдку больш, а кожная свінаматка за адзін раз прыносіць 10 — 12 парасят. Яны і растуць значна хутчэй, таму, хто займаецца такой справай, не прагадае. У вёсках раней людзі традыцыйна трымалі свіней. “Хто іх не трымае, той не гаспадар”, — нават так гаварылі сталыя людзі. Свінагадоўляй зараз ахвотна займаюцца і фермеры.
У нашым раёне сучасныя тэхналогіі прымяняюцца на свінагадоўчых комплексах у СВК імя Варанецкага і “Цецяроўка”. У СВП “АграМір”, напрыклад, прыходзіцца выкарыстоўваць тое, што ёсць. Але і тут стараюцца рабіць, што магчыма. На свінаферме “Кашанцы” зараз утрымліваецца разам з парасятамі 2300 свіней. Калектыву раней не раз даводзілася выслухваць справядлівыя нараканні, што памяшканні не ўцеплены. Працаваць так далей было немагчыма.
Рэальную дапамогу аказаў СВП “АграМір” генеральны дырэктар ААТ “Малочны Мір” Іосіф Вацлававіч Шышко. Гэты дасведчаны гаспадарлівы чалавек адчувае надзённыя патрэбы філіяла як свае ўласныя, бачыць эканамічную выгаду мер, накіраваных на ўмацаванне і развіццё вытворчасці.
— Да нас павярнуліся тварам, — гаворыць загадчыца рэпрадуктарнай свінафермы “Кашанцы” Бярнарда Шарай. – Іосіф Вацлававіч сам прыязджаў на ферму, асабіста вызначаў, што трэба зрабіць у першую чаргу. Мы вельмі яму ўдзячны! У цэху апаросу №4 быў аварыйны дах, ён амаль ужо абвальваўся. Было холадна, мікраклімат не адпавядаў патрабаванням, тэмпературны рэжым не захоўваўся. Менавіта дзякуючы генеральнаму дырэктару ААТ “Малочны Мір” зрабілі новы ўцеплены дах, правялі праводку, а заадно і выканалі зварачныя работы. Адноўлены клеткі, сістэма вадапаення. Уцеплены дах і ў секцыях апаросу цэха № 3. Зараз у памяшканнях цёпла, для парасят працуюць лямпы абагрэву. Зварачныя работы і рамонт сістэмы вадапаення зроблены ў трох цэхах. Патрабуецца яшчэ рамонт даху ў цэху, дзе гадуюцца парасяты ва ўзросце 3-4 месяцы. Пакуль што там паставілі слупы, умацавалі столь.
Першае паўгоддзе не было ўдалым для свінафермы. Вынікі не радавалі. А ў другім паўгоддзі справы значна змяніліся да лепшага. Пачалі купляць дабаўкі, больш якасным стала кармленне. Гэта дапамагло. Калі ў першым паўгоддзі мінулага года сярэднясутачная прывага свіней была ўсяго 379 грамаў, дык у цэлым за год — 461 грам. За год атрымана 228 тон 212 кілаграмаў валавой прывагі, што на 10 тон 740 кілаграмаў больш, чым у 2009 годзе.
На свінаферме працуюць 18 чалавек. Загадчыца Бярнарда Антонаўна на сваім месцы ўжо амаль 25 гадоў. Яна задаволена людзьмі, з якімі робіць агульную справу. Самыя цёплыя словы знаходзіць яна ў адрас ветфельчара Марыі Радчанка, тэхніка-асемянатара і заатэхніка-селекцыянера Наталлі Дораш, свінаводаў Ірыны Пятруцый, Людмілы Леваненя, Таццяны Андрушэвіч, Ліліі Стэльмашук, Таццяны Петрасян, вартаўніка Міхаіла Леванені. Хваліць загадчыца і маладую працаўніцу – свінавода Ганну Пракопік. Гэта яшчэ і вельмі прыгожая дзяўчына.
З такім калектывам можна паспяхова працаваць.

Падрыхтавала Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *