Свята фальклору ў Старым Дворцы

Лента новостей

Свята фальклору, якое адбылося ў мінулую нядзелю ў аграгарадку Стары Дворац, прайшло ў рамках семінара-практыкума па этнаграфіі і фальклору пад назвай “ Беларускі фальклор –скарбніца этнічнай культуры Беларусі” і стала выдатнай дэманстрацыяй таго, як на практыцы можна ўвасобіць работу па зберажэнні народнай спадчыны.
Гасцей свята – мясцовых жыхароў і ўдзельнікаў семінара з раёна – ветліва сустрэлі гаспадары “Старадварэцкага падворка”–дырэктар Старадварэцкага ДКіНТ Аляксандр Бутрыла і мастацкі кіраўнік Алена Бутрыла. Менавіта яны былі вядучымі свята і ўдала задавалі настрой усёй дзеі, якая, дарэчы, праходзіла ў выглядзе святкавання народнага абраду Сёмухі. Свята адбывалася на свежым паветры, надвор’е ў гэты дзень было па-летняму сонечным і цёплым, а гаспадары не давалі сумаваць гасцям. Пазнавальнымі для многіх сталі звесткі пра гэты старадаўні абрад, якія былі пададзены вядучымі праз тэматычныя віктарыны і загадкі. Але ж найбольш красамоўна самабытную спадчыну гэтага беларускага народнага свята прадэманстравалі фальклорныя гурты Дамоў культуры і клубаў раёна, асобныя выканаўцы народных песень і прыпевак, якія прыехалі ў Стары Дворац. На “Старадварэцкім падворку” ў гэты дзень гучалі песні, прыпеўкі, ладзіліся танцы, забавы і гульні. Акцэнт быў зроблены на абрад кумавання і на частаванне гасцей яечняй – беларускай народнай стравай.
Удзел у свяце фальклору прынялі фальклорныя гурты “Вечарына” Старадварэцкага ДКіНТ, “Прамень” Пыхоўчыцкага ДСКП, “Купалінка” Лішкаўскага клуба-музея, “Вясёлая бяседачка” Алекшыцкага ЦДК, “Вясёлка” Малабераставіцкага ЦДК, дзіцячыя фальклорныя гурты “Праменьчыкі” Канюхоўскага СДК, “Лянок” Кватарскага СДКіВЧ, “Рамонкі” Пархімаўскага ДКіВЧ, “Валошкі” Алекшыцкага ЦДК, выканаўцы народных песень і прыпевак з Пархімаўцаў Валянціна Бычкоўская, Любоў Цярэшчанка з Мураваны і Ганна Міхаленка з Алекшыц, выканаўцы народнага гумару Алена і Тадэвуш Валіцкія з Малых Эйсмантаў. Таксама была арганізавана выстава творчасці народных майстроў раёна і вырабаў Бераставіцкага дома рамёстваў.
Рознажанравая фальклорная праграма, якую прадстаўлялі ў гэты дзень ўдзельнікі свята, не пакінула нікога з гледачоў раўнадушным і яшчэ раз прадэманстравала адметны каларыт і самабытнасць беларускай народнай спадчыны.
Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *