Свята Перамогі ў Бераставіцы

Актуально Лента новостей


Вось і мінула чарговая, шэсцьдзесят сёмая, гадавіна з таго часу, як змоўклі артылерыйскія залпы самай жорсткай і кровапралітнай вайны на еўрапейскім кантыненце. Вялікая Перамога нашага народа назаўсёды застанецца ў памяці людзей сімвалам стойкасці і мужнасці.

Урачысты сход, прысвечаны Дню Перамогі, прайшоў 8-га мая ў раённым Доме культуры. З дакладам перад прысутнымі выступіў старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч. Ён падкрэсліў тую вялізную ролю, якую адыграў Савецкі Саюз у пераможным заканчэнні Другой сусветнай вайны, нагадаў, якой цаной дасталася Вялікая Перамога. На сходзе выступілі таксама раённы ваенны камісар Сяргей Гішман і старшыня раённага Савета ветэранаў Алена Сілкова. Затым адбыўся святочны канцэрт.

Даніну павагі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны аддалі па традыцыі ўдзельнікі зорнай эстафеты “Ад помніка да помніка”, якая стартавала з самага ранку 9 мая. Яе ўдзельнікі раз’ехаліся па шасці маршрутах, наведалі ўсе помнікі і месцы воінскіх пахаванняў на тэрыторыі раёна, прынялі ўдзел ва ўрачыстых мітынгах, якія адбыліся каля гэтых святых месцаў.

Мнагалюдна было падчас мітынгу, прысвечанага 67-ай гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў Вялікай Бераставіцы. Каля помніка воіну-вызваліцелю тут сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, арганізацый і устаноў, удзельнікі зорнай эстафеты. Са святам прысутных павіншавалі старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Алег Далінін, вучаніца Вялікабераставіцкай сярэдняй школы Лізавета Дубіцкая.

Мінутай маўчання ўшанавалі ўдзельнікі мітынгу памяць аб загінуўшых у гады вайны. Да помніка былі ўскладзены жывыя кветкі і гірлянда славы. У гонар тых, хто аддаў свае жыцці за наша мірнае жыццё, за свабоду і незалежнасць Радзімы прагрымелі залпы салюту.

І зноў пераможны май крочыць па нашай зямлі. А мы – нашчадкі герояў Вялікай Перамогі – бясконца ўдзячны ім за гэтыя веснавыя сонечныя дні без выбухаў мін і снарадаў, за мірнае неба над галавой.

Сяргей ХІЛЮТА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *